Жалезны Фелікс вяртаецца?


На Лубянку могуць вярнуць помнік Феліксу Дзяржынскаму. З такою прапановаю да ўладаў Масквы звярнуліся некаторыя пісьменнікі, журналісты і блогеры.

Калі аднавіць помнік Феліксу Дзяржынскаму на Лубянскай плошчы ў Маскве атрымаецца, ініцыятарам задумы наўрад ці ўдасца зарганізаваць урачыстасць, як у 1958-ым годзе, калі манумент адкрывалі. Партыйная дэлегацыя з Польшчы дакладна не прыедзе. Леся Рабцава – яна таксама сярод аўтараў адкрытага ліста з прапановаю вярнуць Жалезнага Фелікса – так патлумачыла свае матывы:

«Мы не ведалі, што гэта так хайпане і зробіцца такая сенсацыя. Ёсць такі момант паранаідальнай канспіралогіі ў велізарнай колькасці людзей, якія бачаць у гэтым руку ўлады. Некаторыя мне пісалі, што ўлада паказвае, як трэба змагацца з іншадумцамі. Не было такога. Трэба калупаць гэтыя вугры, трэба гэта абмяркоўваць. Хай гэты гной выплюхваецца, хай будуць канфлікты, але мы не будзем стрымліваць гэтага».

Помнік Дзяржынскаму на Лубянскай плошчы знеслі ў жніўні 1991-га. Пасля правалу путчу людзі прыйшлі да будынку КДБ, каб пазбавіцца ад аднаго з сімвалаў савецкай улады. Спачатку Дзяржынскага хацелі скінуць сваімі рукамі. Маскоўскія ўлады, каб пазбегнуць няшчасных выпадкаў, у тэрміновым парадку пастанавілі прыбраць статую з плошчы.

Гісторык Аляксей Макараў лічыць, што гэта быў адзін з рэдкіх момантаў, калі расейцы маглі абсалютна свабодна выказаць сваё стаўленне да ўлады:

«На мой погляд, казаць пра тое, каб аднавіць помнік Дзяржынскаму на гэтым месцы, – гэта, прыкладна, як казаць у Францыі: «Давайце адновім Бастылію». Для Францыі і для ўсёй Еўропы важная менавіта адсутнасць гэтага аб’екту. Гэта памяць пра падзеі Французскай рэвалюцыі».

Цяпер статую захоўваюць у парку мастацтваў «Музеон». Побач з месцам, дзе калісьці стаяў стваральнік Усерасейскай надзвычайнай камісіі, цяпер Салавецкі камень, помнік ахвярам палітычных рэпрэсіяў. Аляксей Макараў сумняецца, што аўтары ліста сур’ёзна спадзяюцца на поспех. Гаворка можа весціся аб прыватных палітычных інтарэсах: Захар Прылепін, напрыклад, стварыў сваю партыю.

«Пытанне не патрыятычнае, а правакацыйнае».

Так у Крамлі адрэагавалі на словы пра аднаўленне манументу. Прэс-сакратар Уладзіміра ПуцінаДзмітрый Пяскоў – падкрэсліў: вырашаць павінна маскоўская ўлада.

Пытанне аднаўлення помніку на Лубянцы паўставала і раней, аднак – безвынікова. Зноў жа справу вяртання Дзяржынскага на Лубянскую плошчу будуць вырашаць заўтра на пасяджэнні Грамадскай палаты Масквы. У ім мае ўзяць удзел галоўны архітэктар расейскай сталіцы.

Ян Маравіцкі, Юрый Церыхаў, Каця Малей, «Белсат»