З апазіцыянераў у тэрарысты: 17 прозвішчаў у адпаведным спісе КДБ


На 17 прозвішчаў КДБ папоўніла «Спіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці». Гэта прозвішчы беларускіх апазіцыянераў, частка з якіх ужо сутыкаліся з агрэсіяй дзяржавы, а частка – былі прызнаваныя палітвязнямі. Яшчэ да заканчэння следства і без прад’яўленых доказаў КДБ прадставіў Мікалая Аўтуховіча і Ігара Аліневіча, як кіраўнікоў двух тэрарыстычных груповак. Эксперты «Белсату» далі прававую ацэнку дзеянням дзяржавы і слова другому боку.

З дзвюх тысячаў крымінальных справаў, заведзеных супраць апазіцыйных уладзе беларусаў, вылучыліся сямнаццаць. Гэта не «хуліганка», не «арганізацыя пратэстаў» і не «супраціў сілавікам»… а тэрарыстычны акт. Да спісу датычных да тэрарыстычнай дзейнасці асобаў Камітэт дзяржаўнай бяспекі дадаў дзве групы – «Аліневіча», у якой чатыры асобы і «Аўтуховіча», у якой 13 асобаў, у тым ліку пяць жанчын.

Напярэдадні тэлеканал АНТ рыхтаваў глебу для гэтай навіны – паказаў тым, хто глядзіць, 20-хвілінны фільм «Траціл пратэсту» з адпаведным кантэнтам. Палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў каментуе:

«Прадстаўнікі прапаганды спрабуюць ад самага пачатку пратэстаў, ад жніўня, прадставіць пратэстоўцаў, як патэнцыйных тэрарыстаў. Ня гледзячы на падкрэслена мірны характар пратэстаў спробы рабіліся заўсёды».

Эксперт кажа пра спробы, бо факты ў рэпартажы не пацверджаныя відэа шэрагам. Цытаты з перапіскі, праз якую Аўтуховіч нібыта спрабуе закупіць зброю, паказаныя ў выразаным выглядзе. Удзельнікі размаўляюць праз Аднакласнікі, паказваюць свае твары, падпісваюцца імёнамі і прозвішчамі. Адное з іх – належыць Сямёну Сяменчанку – былому камандзіру батальёну «Данбас», з якім удалося звязацца:

«Аўтуховіча я раней не ведаў. Згодна з ягоным фота і ягоным прозвішчам, я раней з ім не перасякаўся. Калі мы кажам пра перапіску, то мала таго, што перапіску я з ім не вёў. Сам акаўнт, які быў паказаны (у фільме «Траціл пратэсту». – заў. Belsat) – гэта не я. З чаго зробленая выснова, што з Іраку размаўляю з кампаніі Кіеў-плаза. Думаю што для беларускага гледача, які верыць прапагандзе, іншыя доказы не патрэбныя. Галоўнае тэмп, трагічная музыка»…

8-га снежня СМІ паведамілі, што за падпаламі дому міліцыянта ў Ваўкавыску і падрывам аўтамабіля супрацоўніка міліцыі ў Горадні стаіць групоўка, якой кіраваў ваўкавыскі прадпрымальнік і актывіст Мікалай Аўтуховіч. Завялі справу аб «наўмысным пашкоджанні маёмасці», але неўзабаве Генпракуратура перакваліфікавала яе ў больш сур’ёзную – «Акт тэрарызму», адказнасць 8-15 гадоў турмы.

Старшыня «Беларускага хельсінкскага камітэту» Гары Паганяйла канстатуе:

«У справе Аўтуховіча пакуль увогуле не прадстаўлена аніякіх доказаў падрыхтоўкі да тэрактаў. Справы пакуль яшчэ няма. Справа яшчэ нават не прынятая да разгляду судом, а ён ужо тэрарыстам абʼяўлены, ён ужо асноўны вораг дзяржавы».

У сваім матэрыяле журналісты АНТ нагняталі:

«В последние 15 лет Николай Автухович не в ладах с законом, а еще категорически против власти!»

Аўтуховіч і сапраўды правёў за кратамі не адзін год. Ён – былы палітвязень і цяпер прызнаны палітвязнем наноў. Праваабаронца Васіль Завадскі нагадвае:

«Мікалай неаднаразова выказваў сваю моцную грамадзянскую пазіцыю, нязгоду з дзейнаю ўладаю. Нічога не змянілася зараз. Наадварот абвастрылася, калі сітуацыя ў краіне змянілася ў горшы бок».

У ліку наваяўленых тэрарыстаў пад вартаю ўтрымліваюць і беларускіх анархістаў, якіх КДБ абʼяднаў у «Групу Аліневіча». Апроч Ігара туды запісалі Сяргея Раманава, Дзмітрыя Дубоўскага і Дзмітрыя Разановіча. Камітэтнікі кажуць, што затрымалі маладзёнаў на беларуска-ўкраінскай мяжы напрыканцы кастрычніка з халоднаю і агнястрэльнай зброяй, боепрыпасамі, абмундзіраваннем і камплектам электроннай тэхнікі. Цвердзяць, што «група» здзейсніла два падпалы: аддзелу Дзяржаўтаінспекцыі ў Мазыры і аўтамабіля пад будынкам Салігорскай пракуратуры. Ці вераць у гэта ўсё беларусы:

«Толькі з Расеі можа быць пагроза, акупацыя».

«Тэрарыстычная пагроза ў Беларусі можа сыходзіць толькі з аднаго боку – мы яго ўсе ведаем».

«Зразумела што тэрарыстамі яны не зʼяўляюцца», – кажуць менчукі.

Як, на думку праваабаронцаў, не зʼяўляюцца хуліганамі, нападнікамі на міліцыю і арганізатарамі беспарадкаў яшчэ амаль 2 тысячы чалавек. Турмы будуць папаўняцца, а кінацыкл дзяржаўных тэлеканалаў будзе працягвацца, лічыць Віталь Цыганкоў.

«Прапагандысцкае абслугоўванне карных дзеянняў улады – гэта непазбежнасць, гэта абавязковая праграма, якая была заўсёды. Яны могуць дазваляць сабе (я маю на ўвазе тэлевізіёншчыкаў) ведаючы, што ніхто не прымусіць іх прабачацца, ніхто не пацягне іх у суд».

Прынамсі да змены ўлады ў краіне.

Юлія Цяльпук, «Белсат»