«Толькі дамы жылыя, ды і то няшмат». Адраджэнне вёскі на практыцы

Вёску Зябкі Глыбоцкага раёну яшчэ не так даўно можна было назваць перспектыўнаю. Тут ёсць чыгунка, працаваў млын. У 1964 годзе адчынілі школу, але пяць гадоў таму зачынілі. На момант закрыцця ўстановы тут было 50 вучняў. Навучанне ім давялося працягваць у суседніх Псуі ды Празароках, куды возіць аўтобус. Дар’я ў зябкаўскай школе паспела скончыць сем класаў.

Дар’я Манькоўская распавяла пра сваю вёску:

«Тут усё зачынілі: садзік зачынілі, школу зачынілі, ашчадная каса зачыненая, пошта, клуб таксама. Засталося тут… толькі адна крама, ох, ды і ўсё. Толькі дамы жылыя, ды і то няшмат».

Дзяўчына вучыцца на настаўніцу. Прызнаецца, што хацела б працаваць у роднай вёсцы, бліжэй да дому, але тут няма дзе.

Дар’я Манькоўская кажа:

«Я не думаю, што перспектыва ёсць заставацца ў вёсцы. Зараз уся моладзь – усё ў горад, у горад… Да бацькоў хацелася б прыязджаць часцей, таму што, калі з’язджаеш на вучобу, усё дадому бліжэй хочацца. Але я б тут не засталася».

Міхаіл за сваё жыццё працаваў і механізатарам, і кіроўцам, а апошнія трыццаць гадоў – экскаватарнікам. Да пенсіі яшчэ год, а дапрацаваць у роднай вёсцы няма дзе.

Міхаіл Шульга перспектывы Зябак не бачыць:

«Якія перспектывы? Моладзі няма, усе з’язджаюць. Дык і працы ніякай няма. У калгас і то не бяруць».

На сайтах абласнога і гарадскога выканкамаў рапартуюць, што адраджэнне малых пасёлкаў і вёсак – прыярытэтная задача сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. А што ж насамрэч?

Таццяна Севярынец, настаўніца вышэйшае катэгорыі, канстатуе сітуацыю, якая аднолькавая па ўсёй Беларусі:

«Калі зачыняюцца школы, дзіцячыя садкі, сыходзіць уся інфраструктура: зачыняюцца і пошты, зачыняюцца ФАПы, застаюцца толькі людзі сталага веку, бо астатнім няма чаго рабіць на вёсцы.

Пры гэтай уладзе нічога да дабра не зменіцца, таму што яно менавіта з-за таго так і адбываецца, вёска памірае».

Мы спыталі на вуліцах Віцебску, ці ёсць у беларускіх вёсак перспектыва адраджэння. На што атрымалі адказы:

«Пакуль што няма».

«Цяжка сказаць. Але спадзяемся, што так».

«Напэўна, няма. Ужо ўсё, пэўна, згубілі, што можна было. Хутчэй за ўсё нічога не падымем».

«Вельмі многа трэба сіл спачатку, каб штосьці сваё нават адкрыць, фермерства якое. І ў нашай Рэспубліцы Беларусь, мне падаецца, гэта пакуль не так проста ўсё».

Тым часам вясковыя школы на Віцебшчыне працягваюць зачыняцца. У Лёзненскім раёне сёлета зачыняць школу ў Высачанах, якую пабудавалі ўсяго каля дваццаці гадоў таму.

Крысціна Авакумава, «Белсат»

Глядзі таксама