Міністр замежных справаў Макей выказаўся пра забарону бел-чырвонага-белага сцяга


«Да гісторыі трэба ставіцца беражліва», – так міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей пракаментаваў тэлеканалу РБК пытанне аб прызнанні бел-чырвона-белага сцяга экстрэмісцкім. І прапанаваў сабраць канферэнцыю гісторыкаў. Маўляў, каб самі пастанавілі. «Я бачу і ведаю, што пад гэтым сцягам здзяйснялася шмат злачынстваў, але трэба ўсё ўзважыць з пункту гледжання будучага развіцця нашай дзяржавы», – кажа Макей.

«Калі там будуць удзельнічаць толькі Марзалюк і яго кампанія, то гэта сапраўды будзе такі УНС, які мы ведаем. Яны прагаласуюць, 100 %, за тое, што ім скажуць. За тое, што скажуць у Адміністрацыі прэзідэнта, у КДБ. І да гісторыі гэта не будзе мець ніякага дачынення. Гэта будзе мець дачыненне да ідэалогіі і прапаганды», – мяркуе гісторык Зміцер Дрозд.

Адміністратыўнымі правапарушэннямі пікеты ды акцыі з бел-чырвона-белымі сцягамі беларускія суды прызнавалі і раней. Аднак выкарыстанне нацыянальнай сімволікі як сімвал нязгоды з вынікамі леташніх прэзідэнцкіх выбараў падштурхнула ўлады замацаваць забарону заканадаўча. Генеральная пракуратура заявіла спачатку пра змены ў Адміністратыўны і Крымінальны кодэксы, а на мінулым тыдні скіравала на разгляд дэпутатам Палаты прадстаўнікоў законапраект «Аб змяненні законаў па супрацьдзеянні экстрэмізму». Яго тэкст не публікуецца.

«Прынятае рашэнне, што гэты сцяг трэба пераследаваць. Але ў якой ступені, у якой форме, ці трэба пераследаваць у крымінальным парадку за выкарыстанне гэтага сцяга ці не. То бок форму пераследу. Вось гэтыя пытанні яшчэ не прынятыя. І выказванне Макея як бы адлюстроўвае гэтую сітуацыю», – кажа палітолаг Валерый Карбалевіч.

Пра намер надаць сцягу статус экстрэмісцкага ў Генеральную пракуратуру скіравалі зварот больш за сотню грамадзянаў. У адказ у інтэрнэце з’явілася петыцыя супраць прызнання бел-чырвона-белага сцяга экстрэмісцкім ды за наданне яму статусу гістарычна-культурнай каштоўнасці. Нягледзячы на больш як 100 тысяч подпісаў, прынамсі ў апошнім патрабаванні адмовілі. Міністэрства культуры не знайшло падставаў.

«Такія моманты, як проста сцяг, як нейкая сімволіка, як нейкая, не ведаю, унутраная падтрымка, напэўна. Наўпрост для сябе нейкі сімвал я б хацела пакінуць. Наўпрост як нейкі маячок, агеньчык у грудзях, які не гасне і пакідае надзею»

«Адмоўна. А як можна адмяніць нацыянальны сцяг? Я ўвогуле гэтага не ўяўляю»

«Станоўча. І нават болей чым станоўча», – кажуць жыхары і госці Віцебску пра забарону нацыянальнага сцяга.

Каб прызнаць бел-чырвона-белы сцяг экстрэмісцкім, аднак, спатрэбіцца рашэнне адмысловай камісіі ў гэтае справе. Пасля чаго меркаванне мае пацвердзіць суд.

Надзея Бельская, «Белсат»