Палітычныя чысткі ў Парку высокіх тэхналогіяў

Свабодная эканамічная зона – не блытаць са свабоднай палітычнай. Беларускія сілавікі затрымалі сёння прынамсі дваіх топ-менеджараў Парку высокіх тэхналогіяў, за апошні тыдзень – пяцярых. Запісалі выбітыя пакаянні на камеру пра тое, што ў сацсетках публікавалі ці рэпосцілі нібыта «экстрэмісцкія» матэрыялы. Затрыманых напярэдадні працаўнікоў ПВТ змусілі каяцца не толькі ў палітычнай, але і ў сексуальнай арыентацыі.

Дзмітрый Праснякоў – затрыманы беларускімі сілавікамі супрацоўнік кампаніі Wargaming, якая лідаруе сярод распрацоўнікаў кампʼютарных гульняў. Сёння ж стала вядома пра затрыманне яшчэ аднаго айцішнікаДзмітрыя Досава. У менскім Парку высокіх тэхналогіяў ІТ-прадпрымальнік і венчурны інвестар узначальвае кампанію Aivitam. Супрацоўнікі ГУБАЗіКу і з ім запісалі паказальнае відэа.

Некалькі дзён таму затрымалі прэс-сакратара аўстрыйскага сотавага аператара A1 Мікалая Брэдзелева. Казаць Мікалая прымусілі, між іншага, аб сексуальнай арыентацыі. Гэта выклікала пратэст кіраўніцтва кампаніі, якая ў Беларусі налічвае амаль 5 мільёнаў абанентаў. Частка з іх выкарыстоўвае лічбавае тэлебачанне ад A1, а таксама захоўвае звесткі і воблачныя сэрвісы ў найбуйнейшым дата-цэнтры краіны.

«Для самога Парку высокіх тэхналогіяў, для кампаній, якія ўнутры, гэта сігнал, што яны больш не застаюцца святою каровай, якой нельга чапаць. Гэта сігнал, што да іх будзе такі ж падыход, як да ўсіх астатніх беларусаў», – зрабіў выснову прадпрымальнік стартап-хабу «Imaguru» Аляксандр Кныровіч.

1 снежня ўламаліся да менеджара IT-кампаніі EPAM Андрэя Швыдрыка. 11 снежня затрымалі галоўнага бізнес-аналітыка EPAM Дзяніса Насуру. Гэтак жа за падпіскі і каментары ў сацсетках трапіў у рукі сілавікоў Глеб Скуратаўвядучы дэвапс-інжынер Oxagile.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. ПВТ. Акцыя салідарнасці. Менск, Беларусь. 14 жніўня 2020 года. Фота: Святлана Фар / «Белсат»

«Затрыманыя 11 чалавек, якія размясцілі ў сетцы інтэрнэт блюзнерскія, абразлівыя каментары, якія выклікаюць агіду ў ступені цынізму, у сувязі з нядаўняй трагічнай гібеллю на вучэннях двух расейскіх дэсантнікаў».

Вымываюць свабоду меркавання і апазіцыйнасць з сектару, які ў 2020 годзе заняў трэцяе месца ў валавым прадукце краіны. За апошнія пяць гадоў экспарт IT-паслуг у Беларусі вырас у два з паловаю разы – да $ 2,5 млрд. Інфармацыйныя тэхналогіі – трэцяя паводле важнасці крыніца экспартных даходаў – пасля нафтапрадуктаў ($ 3,7 млрд) і калійных угнаенняў ($ 3,1 млрд). Чакаецца, што даходы апошніх у 2022 годзе ўпадуць праз дзеянне заходніх санкцыяў.

Прыцягваць інвестыцыі ў айчынныя высокія тэхналогіі робіцца складаней, але цікавасць захоўваецца – лічыць эксперт.

«Для аўтсорсінгавага бізнесу гэта ўсё падатковая гавань, якая дазваляе зэканоміць грошы, працаваць эфектыўна ў параўнанні з нейкімі іншымі юрысдыкцыямі. Таму паток кампаніяў, якія рэгіструюцца незалежна ад сённяшняй палітычнай сітуацыі, – ёсць і напэўна захаваецца. Які ён будзе? Меншы, чым мог бы быць без таго развіцця грамадскай сітуацыі, якая сёння ёсць у краіне», – лічыць Аляксандр Кныровіч.

Другая хваля пошуку «ворагаў» у галіне высокіх тэхналогіяў стартавала ўвосень гэтага года. Першая была год таму. На знак пратэсту або ў пошуках спакойнага месца для працы краіну пакінулі паводле розных ацэнак каля 20 тысяч работнікаў галіны ІТ.

Юлія Цяльпук, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама