Беларусаў пачнуць пераследаваць за адмаўленне генацыду


Беларусаў могуць пачаць судзіць за публічную адмову ў генацыдзе беларускага народу пад час Вялікай айчыннай вайны і пасля яе. Сёння Палата прадстаўнікоў адзінагалосна адразу ў двух чытаннях ухваліла законапраект «Аб генацыдзе беларускага народу».

Адразу ў двух чытаннях ніжняя палата гэтак званага парламенту адзінагалосна ўхваліла Законапраект аб генацыдзе беларускага народу. Усяго паўтары старонкі тэксту, 5 артыкулаў і вельмі цяжкая крымінальная адказнасць – да 10-ці гадоў пазбаўлення волі за адмаўленне ў публічнай прасторы генацыду беларускага народу.

«Сам закон у асноўным мае ідэалагічную накіраванасць. Яго такое хуткае прыняцце было палітычнаю замовай, а не сапраўдным жаданнем разабрацца з мінулым той вайны», – мяркуе палітолаг Андрэй Казакевіч.

Аўтарка законапраекту – дэпутатка Лілія Ананіч – сваю ініцыятыву патлумачыла, цытата, «мэтамі захаваць гістарычную памяць, умацаваць нацыянальную бяспеку і супрацьдзеяць фальсіфікацыі падзеяў і вынікаў Другой сусветнай».

«Мы гэтым законам гаворым пра тое, што злачынствы, учыненыя нацыстамі і нацысцкімі памагатымі на беларускай зямлі супраць савецкіх грамадзянаў, – гэта генацыд. Тыя планавыя знішчэнні і масавыя знішчэнні беларускага народу заканадаўча мы прызнаем генацыдам», – заявіла дэпутатка.

Законапраект вельмі сыры. У ім няма ні спасылак на працы гісторыкаў, ні канкрэтных фармулёвак, а тэрмін генацыду абмежаваны дзесяцігоддзем з 1941-га да 1951-га года і не ахоплівае перыяду сталінскіх рэпрэсіяў, калі савецкія ўлады планамерна фізічна знішчалі беларускі ды іншыя народы, падкрэслівае гісторык Яўген Дудкін:

«Ці захоча потым ідэалогія расказваць пра гэта ў школах дзецям і вучням? Чаму не водзяць у Курапаты вучняў масава на месцы расстрэлаў, каб паказаць што гэты перыяд такі складаны? Чаму, бо можа гэта не выгадна, праўда, лепш паказаць, што ёсць праблемы знешнія, знешні вораг».

Адсутнасць адпаведнага закону раней не перашкаджала ўладам пераследаваць сваіх апанентаў. Увесну па абвінавачанні ў нібыта рэабілітацыі нацызму арыштавалі мастака Алеся Пушкіна. За таксама нібыта рэабілітацыю нацызму ды апраўданне генацыду беларускага народу за кратамі застаюцца кіраўніца Саюзу палякаў у Беларусі Анджэліка Борыс і журналіст Анджэй Пачобут. Размытыя фармулёўкі новага закону дазволяць уладам больш шырока выкарыстоўваць яго супраць апанентаў і прыхільнікаў бел-чырвона-белай сімволікі, перакананы палітолаг Андрэй Казакевіч:

«Чыста эмацыйна ды ідэалагічна закон створаны больш дзеля таго, каб спадабацца Аляксандру Лукашэнку. Толькі для гэтага, каб яму спадабацца і адпавядаць гэтым чаканням, такі закон і прымаюць».

Размовы пра генацыд беларускага народу Аляксандр Лукашэнка пачаў у адказ на заходнія санкцыі. Маўляў, ня яны нацысты, бо збіваем уласны народ, а вы.

«То есть как были они нацистами, так они и остались, только формы совершенно другие», – заяўляў Лукашэнка.

Законапраект яшчэ мае ўхваліць Савет Рэспублікі і падпісаць Лукашэнка, але выглядае на тое, што гэта ўжо звычайная фармальнасць.

Антон Каменскі, «Белсат»