Беларусы мусяць выплаціць падаткі да 15 лістапада


Асцярожна, падаткі. 15-га лістапада – апошні тэрмін аплаты авансу ад падатку на нерухомасць, зямельнага падатку, а таксама другой часткі транспартавага падатку за мінулы год. А ўжо 16-га лістапада аўтаматычна пачне налічвацца пеня, папярэджваюць чыноўнікі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«За няплату падатковых плацяжоў прадугледжваецца шэраг захадаў адказнасці. У першую чаргу – гэта адміністратыўная адказнасць у выглядзе штрафу. Яна можа быць накладзеная на фізічную асобу. Другое – гэта налічэнне пені. І трэцяе – гэта прымусовае спагнанне нясплачаных сумаў праз органы прымусовага выканання», – тлумачыць кіраўнік галоўнага ўпраўлення падаткаабкладання фізічных асобаў Міністэрства падаткаў і збораў Андрэй Кавалеўскі.

Інфармацыя пра неабходнасць аплаціць падаткі на маёмасць прыходзіць адзіным апавяшчэннем. Адпаведныя паведамленні даслалі амаль тром з паловай мільёнам падаткаплатнікаў, паведамляе Міністэрства падаткаў і збораў. То бок больш як траціне насельніцтва краіны. Падаткам абклалі больш за 6 мільёнаў аб’ектаў – кватэраў, жылых дамоў, зямельных участкаў, аўтамабіляў.

Але атрымалі апавяшчэнні не ўсе, каго датычаць падаткі. Наш глядач расказаў у сацсетках, што, каб даведацца суму аплаты, мусіў наведаць падатковую.

«Назвалі суму ў 24 рублі. Аднавілі доступ да асабістага кабінету, дзе цяпер змагу гэта адсочваць.Таксама я запытаўся ў сваіх суседзяў з падʼезду і кватэраў побач, ці атрымоўвалі яны паведамленні, ці чулі пра падатак на першую кватэру – дык развялі рукамі. Нічога не атрымоўвалі, пра падатак упершыню чуюць. А на працы ў калегі ейны бацька атрымаў паведамленне пра аплату падатку памерам у 50 рублёў. Сябар таксама атрымаў», – піша наш глядач.

Падатак на першую кватэру ўвялі сёлета, ён разлічваецца ў залежнасці ад памеру жытла. Першую частку гэтага падатку трэба заплаціць цяпер, а другую – да 15 лістапада наступнага года.

Пры гэтым вялікага папаўнення ў бюджэт ад новых падаткаў чакаць не варта, кажа эканамістка, акадэмічная дырэктарка BEROC Кацярына Барнукова.

«Тыя сумы, што называюцца, парадку 60 мільёнаў, напрыклад, за падатак на кватэру – здаецца, што не варта было ўраду ісці на такі непапулярны крок дзеля такога невялікага дадатку да даходу ў бюджэт. Такія рэчы, як падатак на кватэру, іншыя дробныя плацяжы і падаткі – усё гэта значна лепш і менш непапулярнае, чым, напрыклад, альтэрнатыва, як падняцце НДС, хоць і такога выніку па даходах не прыносіць».

За тым, колькі падаткаў бярэ дзяржава ў грамадзянаў і куды выкарыстоўвае гэтыя грошы, мае сачыць парламент. Фармальна Палата прадстаўнікоў Беларусі выконвае гэтую функцыю, на справе ж:

«Бюджэт унесены ўрадам і тут жа зацверджаны, наўрад ці хтосьці з дэпутатаў паспявае хаця б прагледзець, бюджэт – гэта велізарны дакумент. І, адпаведна, ні людзі не ўплываюць на рашэнні сваіх дэпутатаў, якія нібыта павінны прымаць іх інтарэсы да ўвагі, ні, канечне, дэпутаты насамрэч не ўплываюць на фармаванне бюджэту», – кажа Кацярына Барнукова.

Агулам жа павелічэнне падаткаў і плацяжоў звязанае не толькі з асаблівасцямі развіцця беларускай эканомікі, але і з тым, што насельніцтва краіны старэе. Трэнд на змяншэнне ільготаў і дадаванне новых падаткаў пачаўся яшчэ ў 2017-м, і ўзмацніўся ў 2020-м, нагадвае кіраўнік праекту «Кошт ураду» Уладзімір Кавалкін.

«Па меры змяншэння падаткаабкладальнай базы, па меры змяншэння збіраных падаткаў, ад сацыялкі будуць адмаўляцца, безумоўна, захоўваючы два найважнейшыя для рэжыму Лукашэнкі кампаненты. Гэта кампанент сілавы і гэта кампанент ідэалагічны», – кажа Уладзімір Кавалкін.

Не ўратуюць сітуацыі і змены ў Падатковы кодэкс, запланаваныя налета – між іншага, плануецца павялічыць падатак на кватэру прыкладна на 10 адсоткаў. Але гэтыя грошы «зʼесць» інфляцыя, якая ўжо цяпер складае 15 адсоткаў, адзначаюць нашыя эксперты.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»