Беларуская вайсковая прамысловасць выкарыстоўваецца супраць Украіны


Налета Беларусь пачне серыйную мадэрнізацыю танкаў Т-72 – заяўляе кіраўнік Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэту. Мадэрнізаваную версію пад назвай Т-72БМЭ распрацавалі яшчэ 5 гадоў таму. Але яна, імаверна, ішла на экспарт. Цяпер і ў беларускага войска ўзнікла патрэба ў абноўленых танках.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«У спробе мадэрнізаваць Т-72 у Беларусі я бачу як магчымасць пад агульную істэрыю распілаваць бюджэт, так і той факт, што Беларусь больш не зможа атрымоўваць ад Расеі танкі Т-72Б3 2016 года», – кажа ўкраінскі вайсковы аглядальнік Аляксандр Каваленка.

Паводле звестак за мінулы год, беларускае войска мае на ўзбраенні 537 танкаў Т-72 савецкага ўзору. Верагодна, яны могуць трапіць пад мадэрнізацыю. Аднак гэта не павялічыць істотна іх эфектыўнасці, мяркуе Аляксандр Каваленка.

«Танк Т-72БМЭ мае састарэлую дынамічную абарону “Кантакт-1”, якую распрацавалі ў пачатку 1980-х гадоў. То бок ёй, груба кажучы, больш за 40 гадоў», – тлумачыць Аляксандр Каваленка.

Сваімі характарыстыкамі Т-72БМЭ не дацягвае нават да расейскага Т-90. А той, у сваю чаргу, прайграе сучасным заходнім танкам, кажа эксперт. Яны маюць перадавыя сістэмы абароны і нафаршаваныя электронікаю. Беларускія ж інавацыі кшталту супрацьджавэлінавай печкі або бярозавай брані выглядаюць камічна. Але кіраўніцтва вайсковай прамысловасці сцвярджае, што мае сотні прасунутых распрацоўванняў.

«Практычна штогод мы рэалізуем у ініцыятыўным парадку […] больш за 200 канструктарскіх працаў для стварэння розных відаў узбраення, іх мадэрнізацыі. Гэтая праца няспынная, у сярэднім ад 10 да 20 новых відаў вырабаў становяцца штогод на ўзбраенне», – заявіў Дзмітрый Пантус, старшыня Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту.

Танкі, магчыма, не самы моцны бок беларускага вайскова-прамысловага комплексу. А вось электроннае абсталяванне нельга недаацэньваць, як распавёў на ўмовах ананімнасці беларускі вайсковы эксперт.

«Пункт нумар адзін – сістэмы радыёэлектроннай барацьбы, што накіраваныя не толькі на заглушэнне сувязі праціўніка, але і на барацьбу з беспілотнымі лятальнымі апаратамі. І, трэба адзначыць, Беларусі ў гэтай галіне належыць істотны прыярытэт», – кажа эксперт.

Оптыка і электроніка для спадарожнікаў-шпіёнаў і баявых самалётаў, радыёлакатары – у гэтай беларускай прадукцыі мае патрэбу Расея. На вытворчасць электронных кампанентаў у Беларусі Масква вылучае 200 мільёнаў долараў. Беларускія мікрасхемы большыя памерам і састарэлыя ў параўнанні з заходнімі. Але прыдатныя для вытворчасці ракетаў, што б’юць па Украіне.

«У сітуацыі, калі ракета “Сармат” мае на ўзлёце 200 тонаў вагі ці калі ракета “Іскандэр” важыць 7 тонаў, маса мікрасхемы не мае вялікага значэння. Таму расейцы замовілі шмат мікрасхемаў вайсковага прызначэння ў Беларусі», – тлумачыць вайсковы эксперт.

Мікрасхемы могуць стаць большай пагрозай для Украіны, чым танкі. У тым выпадку, калі беларускія электронныя кампаненты сапраўды ўдасца выкарыстаць для вырабу расейскіх ракетаў. Тады пагроза для ўкраінскіх гарадоў і інфраструктуры застанецца.

Валянцін Васіленка, «Белсат»