Паспець у лес, пакуль не скончыўся грыбны сезон


Калі вам яшчэ не сустрэўся самы прыгожы або самы вялікі грыб, маеце апошні шанец. Неўзабаве скончыцца сезон ціхага палявання – і ў лесе не знойдзеш ніводнага грыба. Перад тым, як выправіцца ў лес, паслухайце некалькі парадаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Літаральна на кожным кроку можна набыць баравікі або маслякі. Пасля дажджоў на пачатку месяца іх было багата. Але цяпер у Беларусі падмарозіла. Паспейце ўласна сабраць уражай у лесе, пакуль грыбны сезон яшчэ не скончыўся! Музыка і аматар збору грыбоў Алесь Дзянісаў не прэтэндуе на званне вялікага адмыслоўцы ў грыбной справе, але пагадзіўся падзяліцца сваімі правіламі ціхага палявання.

«Ну вось глядзіце: гэта ў нас грыб белы і акурат такі самы вядомы, яго можна знайсці ў прынцыпе ва ўсіх лясах, і яловых, і лісцевых. І вось яны растуць па адным. А, напрыклад, калі збіраць польскія ці лісічкі, то абавязкова трэба прысесці і глядзець – і ты знойдзеш яшчэ 5-6-7-10», – кажа Алесь Дзянісаў.

Алесь з дзяцінства кожнае лета праводзіў на вёсцы ў бабулі і ад яе даведаўся, што самае галоўнае пры зборы грыбоў – не шкодзіць глебы і не вырываць моху, у якім растуць грыбы. Каб налета яны таксама парадавалі грыбніка.

«Не важна, ці ты зразаеш, ці ты выкручваеш, гэта ўсё роўна. Ты не шкодзіш грыбніцы – гэта даўно ўжо даказана навукай. Іншая справа, як табе зручней гэта зрабіць – усё роўна ты бярэш нож, бо ты чысціш гэтую ножку», – тлумачыць Алесь Дзянісаў.

Каб ісці ў грыбы, трэба выбраць адпаведнае месца і час. Ад тыпу лесу залежыць від грыбоў, а ад часу – колькасць грыбоў, якія там можна знайсці. Ідэальнае надвор’е для збору грыбоў – цёплае і вільготнае.

«Светленькі прыгожанькі – вось такі прыгажун, ой, які хруст, дай я ў руку вазьму, каб паглядзець, што гэта такое», – распавяла сямейная пара, якая ў самы грыбны сезон недзе ў лесе пад Менскам знайшла палутаракілаграмовы баравік. Калі яго разрэзалі – ён быў абсалютна чыстым.

«Такім чынам, прасілі працягу гісторыі з грыбам – вось мы з аднаго гэтага грыба закансервавалі 5 слоікаў».

Акрамя гатовай прадукцыі, грыбнікі могуць атрымаць і грошы. Напрыклад, у нарыхтоўчым пункце Баранавічаў на пачатку кастрычніка прымалі маслякі, апенькі, грузды і баравікі ад 1 да 8 рублёў за 1 кілаграм.

Але заўсёды трэба памятаць пра забруджаныя радыяцыяй тэрыторыі, на якіх збор грыбоў і ягадаў можа быць небяспечным. Радыяцыйны фон вымяраецца ў кюры на квадратны кіламетр у адносінах ізатопу цэзію сто трыццаць сем.

«У зонах звыш за 5 кюры на 1 квадратны кіламетр збіраць грыбы нельга, але паколькі прайшло шмат часу – 36 гадоў з Чарнобыльскай катастрофы, у зонах забруджвання назіраецца добрая дынаміка, гэтыя зоны значна паменшыліся і працягваюць памяншацца», – тлумачыць даследнік у галіне мікалогіі з інстытуту лясных навук у Беластоку Яўген Юрчанка.

Навукоўца раіць грыбнікам перад выхадам у лес спраўдзіць актуальную мапу радыеактыўнай забруджанасці тэрыторыі. Найбольш за астатніх радыяцыю назапашваюць маслякі, махавікі, польскія грыбы, грузды, сыраежкі і зялёнкі. Але калі зʼесці грыбы з забруджанай тэрыторыі толькі аднойчы – нічога страшнага не адбудзецца. Акрамя ж радыяцыі, грыбы могуць змяшчаць у сабе яшчэ і атруту.

«Памерці гарантавана можна толькі ад аднаго віду грыба – гэта бледная паганка, ад усіх астатніх, у прынцыпе, выжыць можна. Але ўсё роўна трэба памятаць, што ты збіраеш», – прыгадвае Алесь Дзянісаў. Згодна яму, калі ты не ведаеш грыба, то проста не бяры яго і тым больш не ўжывай.

Гэтыя прыгажуны – проста з лесу. І цяпер я буду гатаваць з іх найсмачнейшую страву – дранікі з грыбной поліўкай! І будзе – не горш за мяса.

Аліна Скрабунова, «Белсат»