«Беларусьфільм» зноў здымае прапаганду


У Беларусі пачалі здымаць чарговы ваенны шэдэўр. Нацыянальны праект «Мы адзіныя» на грошы беларускіх падаткаплатнікаў і на базе «Беларусьфільму» здымаюць расейскія рэжысёр і сцэнарыст. Прэм’еру стужкі плануюць на травень 2023-га, да Дня перамогі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Новы праект «Беларусьфільму» «Мы адзіныя» будзе распавядаць пра часы, калі Заходняя Беларусь уваходзіла ў склад Польшчы. Карціна – вынік супрацы Міністэрства культуры і Генпракуратуры.

«Сёння што-небудзь казаць пра гістарычную дакладнасць з боку афіцыйнай беларускай гістарыяграфіі… Чаму? Таму што ў прапагандзе дзяржаўнай Польшча ёсць галоўным ворагам», – мяркуе гісторык Яўген Дудкін.

Карціна, паводле гендырэктара «Беларусьфільму» Уладзіміра Карачэўскага, будзе першай часткай трылогіі пра беларусаў, якія спазналі «польскую акупацыю і прыгнёт» падчас 20–30-х гадоў мінулага стагоддзя.

«Ішла барацьба за вызваленне тэрыторыі, якая знаходзілася пад польскімі ўладамі. Тэма актуальная як ніколі: у час, калі сціраюцца паняцці патрыятызму, любові да Радзімы, трэба захоўваць свае традыцыі і культуру», – заявіў генеральны дырэктар «Беларусьфільму» Уладзімір Карачэўскі.

Пра «творчую» супрацу «Беларусьфільму» з пракуратурай заявілі напрыканцы верасня. Тады генпракурор Швед і гендырэктар кінастудыі Карачэўскі размаўлялі пра вытворчасць кінафільмаў, якія б, цытата, «асвятлялі тэму генацыду беларускага народу ў гады Вялікай Айчыннай вайны і жыцця суайчыннікаў на тэрыторыі Заходняй Беларусі пасля заключэння Рыжскай мірнай дамовы».

«Шмат канфліктаў стваралася савецкімі органамі ўлады, якія засылаліся на тэрыторыю Заходняй Беларусі, каб правакаваць канфлікты. Мінула таксама тэма, што стала з людзьмі, якія падтрымлівалі савецкую ўладу. А менавіта тое, што тыя, хто збег у Савецкі Саюз, былі ліквідаваныя фізічна ці абвінавачаныя як польскія шпіёны», – кажа гісторык Яўген Дудкін.

«Мы адзіныя» – не першы праект «Беларусьфільму» ідэалагічнай накіраванасці.

«Беларусьфільм» ужо мае досвед стварэння кіно ў супрацы з Міністэрствам абароны ці да юбілею сілавых ведамстваў. І я ўжо не кажу пра тое, што свае чаканні і жаданні выказвае ўвесь час Міністэрства культуры, якое мае сваё ўяўленне пра кіно як інструмент ідэалогіі. «Мы адзіныя» стане першым прапагандысцкім фільмам, адзінае, наколькі яна будзе наўпроставай. Ну, а пра мастацкія якасці будучага фільму гаварыць не даводзіцца», – лічыць кінакрытык Ірэна Кацяловіч.

Паводле нашых крыніцаў, узімку 2022-га на кінастудыі зʼявіўся намеснік дырэктара – былы супрацоўнік КДБ Альберт Сідаровіч. Пасля ягонага прызначэння на кінастудыі пачаліся правяранні і звальненні, а таксама зʼявіліся чорныя спісы актораў, у якія дагэтуль былі ўнесеныя толькі купалаўцы. Былы работнік «Беларусьфільму» кажа, што на студыі пасля «зачыстак» застаўся адзін спецыяліст – усіх іншых звольнілі.

«Прычына сыходу – што мая, што людзей – яна не прапісаная па палітычным артыкуле. То бок, яны робяць усё так, каб людзі напісалі самі па ўласным жаданні», – даў каментар «Белсату» былы працаўнік «Беларусьфільму».

А пакуль «Беларусьфільм» відавочна трымаецца на плыву толькі дзякуючы датацыям з дзяржаўнага бюджэту – толькі летась Лукашэнка вылучыў кінастудыі пяць з паловаю мільёнаў рублёў на пакрыццё выдаткаў, – у беларускім незалежным кінематографе назіраюцца пазітыўныя змены.

«Тое, што ствараецца на дзяржаўныя грошы, сімвалічна можна выключыць з беларускага кінапрацэсу. А ў беларускім незалежным кіно, нават нягледзячы на тое, што мы шмат чаго не ведаем, праз раскіданасць па замежжы або праз пытанні бяспекі, шмат пазітыўных момантаў і працэсаў, якія калі недакладна закладуць, але могуць закласці падмурак, каб беларускае кіно не растала дзесьці ў замежжы. А па-другое, стала развівацца ў штосьці больш маштабнае і трывалае», – мяркуе кінакрытык Ірэна Кацяловіч.

Так, з 20 да 30-га лістапада адбудзецца беларускі фестываль кіно Паўночных і Балтыйскіх краінаў «Паўночнае ззянне». Сёлетнюю праграму можна будзе паглядзець цалкам бясплатна.

Наста Печанькова, «Белсат»