233-і дзень поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны: Украіна адзначае Дзень абаронцаў


Сёння ва Украіне знакавае свята – Дзень абаронцаў.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Са святам украінцаў павіншаваў прэзідэнт Уладзімір Зяленскі:

«14 кастрычніка мы адзначаем Дзень абаронцаў Украіны. Гэта тых, хто змагаецца. 14 кастрычніка мы дзякуем. Дзякуй усім, хто змагаўся за Украіну ў мінулым. І ўсім, хто б’ецца за яе цяпер. Усім, хто перамагаў тады. І ўсім, хто абавязкова пераможа зараз. Пераможа, і гэта ўвянчае поспехам барацьбу многіх пакаленняў нашага народу. Народу, які заўсёды больш за ўсё хацеў аднаго – свабоды. Для сябе і сваіх дзяцей».

Многія ведалі, што ад расейцаў можна чакаць у гэты дзень – у двукоссі – «віншаванняў». Так і сталася. Раніцай акупанты нанеслі ўдар па Запарожжы. Як паведаміў кіраўнік Запарожскай абласной вайсковай адміністрацыі Аляксандр Старух, горад абстралялі ракетамі С-300. Вядома пра тры прылёты на абʼекты інфраструктуры. На месцы траплянняў загарэліся пажары. З папярэдняй інфармацыі, пацярпелых няма.

Міністр абароны Аляксей Рэзнікаў паведаміў, што ўжо ў гэтым месяцы Украіна атрымае ад ЗША першыя сістэмы супрацьпаветранай абароны NASAMS. А таксама апублікаваў у сваім Twitter звесткі пра колькасць высокадакладных ракетаў у арсенале расейскай арміі станам на дваццаць трэцяга лютага – і дванаццатага кастрычніка. Паводле дадзеных, агучаных Рэзнікавым, у Расеі застаецца:

124 ракеты «Іскандэр» з 900;

272 ракеты «Калібр» з 500;

213 крылатых ракет тыпу Х-101 і Х-555 з 444.

«Дэмілітарызацыя Расеі. Ужываючы сотні высокадакладных ракетаў супраць цывільных абʼектаў Украіны, дзяржава-агрэсар зніжае свае магчымасці ў нанясенні ўдараў па вайсковых абʼектах. Дзве высновы: ваенная параза Расеі непазбежная. Расея – тэрарыстычная дзяржава», – напісаў Аляксей Рэзнікаў.

Уначы расейская авіяцыя некалькі разоў наносіла ўдары па Днепрапятроўскай вобласці. Пашкоджаныя будынкі прамысловага прадпрыемства і жылых дамоў. Вядома пра аднаго параненага.

Удзень расейцы нанеслі ракетны ўдар па Харкаве. Мэр гораду Ігар Тэрэхаў паведаміў пра чатыры траплянні. Інфармацыя аб разбурэннях і пацярпелых удакладняецца.

Паводле паведамлення Генеральнага штабу Збройных сілаў Украіны, за мінулыя содні зліквідаваныя каля 500 акупантаў. Усяго з пачатку поўнамаштабнага ўварвання расейцаў ва Украіну былі знішчаныя 64 300 захопнікаў.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»