У Беларусі назіраюцца праблемы са здачай ПЦР-тэстаў


Паведамляюць, што ПЦР-тэсты ў Беларусі цяпер будуць рабіць толькі з пацверджанай пнеўманіяй, Што адбываецца?

Навіна, якая выклікае шок. Нібыта у Менску мазкі на COVID-19 выпісваюць толькі пацыентам з пацверджанай пнеўманіяй, паведамляе тэлеграм-канал «Белые халаты».

«Цяпер болей немагчыма зрабіць ПЦР-тэст кантактным па COVID з сімптомамі хваробы, не паказаныя больш тэсты для пацыентаў з анасміяй альбо дізгеўзіяй – частымі сімптомамі ковід-інфекцыі», – пішуць у тэлеграм-канале «Белые халаты».

Як прыклад «Белые халаты» прыводзяць 20-ю дзіцячую паліклініку Менску. Кіраўніцтва ўсё абвяргае.

«Ахова здароўя працуе згодна з загадамі, і на загад ёсць паказанні для ПЦР-тэстаў, і працуем згодна з нарматыўнымі дакументамі. Гэта самы сапраўдны фэйк! Гэта людзі, якім няма чаго рабіць. Няхай лепш захоўваюць дыстанцыяванне, носяць маскі і хуценька бягуць на прышчэпкі. Гэта мае пажаданні як кіраўніка», – кажа галоўная лекарка 20-й дзіцячай паліклінікі Менску Аліна Дамброўская.

Але як паведамляюць і нашыя чытачы, і чытачы «Белых халатов», прычым з розных гарадоў, гэта не фэйк.

«Сябар сям‘і захварэў разам з жонкаю. Яна медработнік і першая пайшла ў шпіталь. Тэст пазітыўны. Тыдзень бальнічнага. Мужу зрабіць тэст не дазволілі. Сказалі, няма падставаў для тэсту. Выгналі са шпіталю. Горад Дзяржынск».

«У мяне паводле тэсту з аўторка пацверджаны COVID. Сама патэлефанавала ў паліклініку. Сказалі ў сераду прыйсці на тэст мужу і выпісаць бальнічны. Сімптомаў, каб ізалявацца, у яго няма. Але сказалі, што здаровым тэстаў яны не робяць».

«Знаёмая з Нясвіжу захварэла: тэмпература, кашаль, зніклі адчуванні паху і смаку. Выклікала хуткую. У рэгістратуры адмовіліся запісаць выклік».

Толькі ў Менску штодня рэгіструюць да чатырох тысячаў пазітыўных ПЦР-тэстаў. А Беларусь цяпер нагадвае Італію ў першую хвалю пандэміі. Тады Італія лідаравала ў смяротнасці ад COVID-19, кажа клінічны фармаколаг Вольга Садоўская.

«Я цалкам паверу, што ўсімі спосабамі намагаюцца абмежаваць колькасць пацыентаў, якія здаюць аналізы. Бо, зразумела, рэактываў на ўсіх не хопіць», – кажа Вольга Садоўская.

Не хапае і месцаў для цяжкіх хворых. У 6-м шпіталі Менску 54 ложкі на 77 пацыентаў, кажа Вольга Садоўская. Жыткавіцкі стацыянар цалкам аддалі пад хворых на ковід – расход кіслароду павялічыўся ўдвая, піша «Новае Палессе».

Міністэрства аховы здароўя фіксуе павялічаную колькасць смяротных выпадкаў. На сёння – 17. Але сапраўдныя лічбы могуць значна перавышаць афіцыйныя, лічыць палітолаг Андрэй Елісееў.

«Той факт, што гэты абсалютна штучны парог колькасці памерлых, якія ўсталёўваюцца і якія ў папярэднія хвалі не перавышаў звычайна 10–12 чалавек на дзень, цяпер ужо ставіцца 15. Гэта ўжо паказнік таго, што смяротнасць узрасла, відаць, на траціну, можа, болей», – кажа аналітык East Center / ISANS Алег Елісееў.

Для таго каб пачаць дзеяць, беларускі рэжым мусіў перажыць тры хвалі пандэміі. Цяпер штрафуюць за адсутнасць масак і актыўна заклікаюць прышчапляцца. Еўрапейскія вакцыны патаннелі, кажуць у міністэрстве, таму, калі іх усё ж такі закупяць, у беларусаў з’явіцца хоць такі выбар.

Надзея Бельская, «Белсат»