Ці для ўсіх Дзень маці радасны дзень?


У Беларусі адзначаецца Дзень маці, але не ўсе дзеці могуць сёння прытуліцца да сваёй матулі.

Маці няпоўнагадовых Славаміра і Стаха – палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк – адбывае пакаранне ў калоніі. Актывістку затрымалі ва ўласнай кватэры 3-га студзеня.

«Паліну затрымоўвалі пры малодшым сыне Стаху, якому было ў той момант 4 гады. Ён вельмі цяжка ўспрыняў гэтую падзею. Мы з ім былі разам пасля гэтага, уначы ён па некалькі разоў падымаўся сярод ночы, падбягаў да ложка ў спальні і проста пытаўся, дзе мама. І некалькі разоў нават плакаў», – узгадвае муж Паліны, актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Андрэй Шарэнда.

У гэткай сітуацыі, без пяшчоты самага блізкага чалавека, апынуліся дзясяткі, калі не сотні беларускіх дзяцей. Гэта небяспечна для псіхікі, кажа псіхолаг Ала Марціновіч, бо ў дзіцяці ў такіх умовах можа сфармавацца дэпрывацыя.

«Гэта пазбаўленне мацярынскай цеплыні. Калі маці сыходзіць надоўга, то ў выніку дэпрывацыі могуць быць наступствы – нейкія затрымкі развіцця, рухальныя, сенсорныя, адчуванняў. Гэта могуць быць псіхалагічныя праблемы, могуць быць фобіі ці панічныя атакі», – кажа Ала Марціновіч.

Пасля таго, як Андрэй Шарэнда мусіў з’ехаць з Беларусі ад крымінальнага пераследу, бацькоў дзецям замянілі бабулі, мамы Паліны і Андрэя.

Перажываць расстанне з любімым чалавекам і гадаваць дзіця дапамагаюць мамы і Вікторыі, жонцы палітвязня Эдуарда Пальчыса.

«Мне зараз мама дапамагае, прыязджае з Беларусі, каб дапамагаць па гаспадарцы і дапамагаць з дачкой. Калі я нараджала дачку, то са мной была мая свякроў, маці Эдуарда, таму таксама без дапамогі не засталася», – кажа Вікторыя Пальчыс.

«Мы схіляемся перад самаадданай працай шматдзетных маці, якія ствараюць будучыню нацыі», – так напісана ў звароце Лукашэнкі да Дня маці. Пра ролю маці ды дапамогу шматдзетным сем’ям выказаліся ў афіцыйнай прэсе і высокія чыноўнікі. Але прыгожыя словы моцна разыходзяцца са справамі. Жанчын, нязгодных з сітуацыяй у краіне, затрымліваюць, караюць адміністратыўным арыштам і зняволеннем у калоніі, не зважаючы на малалетніх дзяцей.

«Ціснуць на шматдзетных – гэта нават думаць не трэба, цісні праз дзяцей, ці пасадзі маму і пакінь дзяцей адных без мамы. Тут вельмі лёгка «уладзе» ціснуць на шматдзетных», – кажа Вікторыя Пальчыс.

Каб падтрымаць тых жанчын, чые дзеці застаюцца за кратамі з палітычных матываў, фонд «Краіна для жыцця» зладзіў адмысловую акцыю: віншуюць іх з Днём маці кветкамі. Прыемныя падарункі атрымалі ўжо больш за дзвесце маці палітвязняў.

«Вельмі шмат атрымліваем добрых водгукаў, са слязамі на вачах. Бо гэта, напэўна, вельмі кранальна. У цяжкі для іх момант, у момант выпрабаванняў для сям’і яны атрымліваюць маленькую частачку дабрыні і клопату. І гэта вельмі важна», – кажа кіраўніца фонду дапамогі палітвязням Вольга Зазулінская.

Кожная маці ў гэты дзень хацела б абняць сваё дзіця. І ўсім беларускім матулям, што чакаюць сваіх дзяцей, мы жадаем, каб гэта адбылося як мага хутчэй.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»