Польшча адмяжуецца ад Лукашэнкі сцяною


Польшча пабудуе высокую і трывалую агароджу на мяжы з Беларуссю. Яе ўзвядзенне сёння ўхваліў польскі парламент. Сцяна будзе абсталяваная сістэмай маніторынгу і датчыкамі выяўлення руху.

Пакуль жа польскія памежнікі працягваюць выяўляць вялікую колькасць нелегальных мігрантаў, якія спрабуюць трапіць у Польшчу з тэрыторыі Беларусі.

Якой даўжыні і вышыні будзе сцяна на беларускай мяжы ўлады Польшчы не паведамляюць. Вядомы толькі яе кошт – 350 мільёнаў еўраў. 25 мільёнаў з іх пойдзе на апаратуру сачэння. Паводле Мінабароны Польшчы, сцяна будзе падобная на бар’ер вышынёй у 5 метраў, нядаўна пабудаваны на грэцка-турэцкай мяжы. На тое, каб засцерагчы 40 кіламетраў, Афіны выдаткавалі 63 мільёны еўраў. Польска-беларуская мяжа ў 10 разоў даўжэйшая.

«Часовы барʼер з калючага дроту мы ўжо паставілі. У дадатак там размешчаныя сродкі электроннага сачэння, якімі так ганарыцца міністэрства ўнутраных спраў і памежнікі – гэта сістэма камер і патрульных машынаў. Аднак калі мы ўмацоўваем гэтую сістэму, то мусім рабіць гэта грунтоўна. Я заклікаю палітыкаў даць на сцяну яшчэ больш грошай», – заявіў польскі палітолаг Барталамей Біскуп.

Нядаўна пабудаваны Варшавай драцяны плот аказаўся неэфектыўны. Мігранты з Блізкага Усходу ўсё часцей прарываюцца праз яго вялікімі групамі. Нават салідная сцяна – гэта толькі часовае рашэнне, лічыць палітолаг Дар’юш Матерняк. Лукашэнка перастане выкарыстоўваць мігрантаў у якасці «жывога тарана» толькі калі Еўразвяз зробіць больш жорсткімі санкцыі супраць Менску. 7 кастрычніка ўзмацніць санкцыі заклікаў Еўрапарламент.

«Нашая мяжа на гэтым адцінку будзе абароненая, але ўлады Беларусі могуць пачаць высылаць мігрантаў на іншыя адцінкі – напрыклад, на беларуска-ўкраінскую мяжу. Тады нам давядзецца будаваць чарговую пяцісоткіламетровую сцяну на мяжы з Украінаю. Тое ж самае прыйдзецца рабіць Славакіі, Венгрыі ды Румыніі. Трэба пераадольваць крыніцу праблемы – палітыку Лукашэнкі», – лічыць эксперт у галіне бяспекі Дар’юш Матэрняк.

Сцяну вышынёй у тры метры і даўжынёй у 500 кіламетраў да верасня наступнага года плануе пабудаваць Літва. Пры гэтым ні Вільня, ні Варшава не намераныя зачыняць дзверы для беларусаў, якія ўсё часцей едуць на Захад на працу і вучобу. Праціўнікі Лукашэнкі ўпэўненыя – магчымасць экстранна эвакуявацца тым, хто ўцякае ад уладаў, застанецца.

«Калі чалавек прыняў рашэнне экстранна пакінуць краіну, яму трэба зайсці на сайт bysol.org праз VPN, паколькі сайт у Беларусі заблакаваны. Там трэба знайсці старонку« Экстраны рэлакейт ». Там можна знайсці ўсе кантакты і першасную інструкцыю», – раіць кіраўнік ініцыятывы BYSOL Андрэй Стрыжак.

Паверанага ў справах Беларусі Аляксандра Часноўскага другі раз за 6 дзён выклікалі ў МЗС Польшчы. Прычына – адмова Менску прыняць гуманітарную дапамогу для мігрантаў, заблакаваных на мяжы.

Авіялайнеры з Іраку, а затым з Сірыі і Турцыі сталі штодня прылятаць у сталіцу Беларусі з чэрвеня гэтага году. Каб прыехаць у краіну, мігранты часта аддаюць пасярэднікам апошнія грошы – ад 3 да 7 тысяч долараў. У аэрапорце Менску гэтак званых «турыстаў» сустракаюць, размяшчаюць у дзяржаўных гасцініцах, на мяжу іх прывозяць беларускія вайскоўцы. І не даюць зʼехаць назад.

У пастцы загінулі ўжо не менш за 6 чалавек. У сераду цела 24-гадовага сірыйца знайшлі памежнікі Польшчы. У той жа дзень у Горадні міліцыя заявіла аб затрыманні і дэпартацыі з краіны 24 грамадзянаў Іраку з пратэрмінаванымі візамі. Стала вядома, што ў менскім аэрапорце перасталі выдаваць візы грамадзянам Сірыі, Егіпту, Афганістану, Пакістану, Емену, Ірану і Нігерыі. Эксперты мяркуюць, што беларускім уладам ужо няма дзе іх размяшчаць.

Аляксандр Папко, «Белсат»