Палітзняволеная праваабаронца Марфа Рабкова: «Я вельмі хачу дадому!»


Беларускія ўлады трымаюць за кратамі сем прадстаўнікоў праваабарончага цэнтру «Вясна» – тых, хто дапамагаў людзям адстойваць іх правы, але цяпер самі знаходзяцца ў няволі за сваю дзейнасць.

Валянцін Стэфановіч – намеснік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека сёння адзначае свой 49-ты дзень народзінаў. Стэфановіч за кратамі ўжо трэці месяц. Сёння яго віншуюць тыя, каму ён дапамагаў, і калегі з беларускіх і міжнародных праваабарончых арганізацый.

«Я вельмі паважаю вашу мужнасць. Перш за ўсё, за тое, што вы не маўчыце, калі гаворка пра абарону правоў чалавека, дэмакратыі і свабодных выбараў – хоць вы і занадта добра ведаеце наступствы дыктатуры. У ваш дзень нараджэння я хацеў бы сказаць вам: мы побач з вамі!» – кажа Антон Хофрайтэр, дэпутат нямецкага Бундэстагу.

Для гомельскага праваабаронцы Леаніда Судаленкі і валанцёрак «Вясны» Таццяны Ласіцы і Марыі Тарасенкі пракуроры запатрабавалі ад 2,5 да 3 гадоў калоніі. Іх вінавацяць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, у фінансаванні і падрыхтоўцы асобаў для ўдзелу ў такіх дзеяннях. Закрыты працэс праходзіць ў судзе Цэнтральнага раёну Гомля.

«Пракурор запрасіў па максімуму, гэта азначае, што прыкладна такі вырак і трэба чакаць. Але і сам Леанід лічыць, і досвед даводзіць, што ёсць шанец, што будзе крыху менш. Леаніду – 2,5, Таццяне таксама. Па Марыі ўвогуле невядома, які будзе вырак», – адзначае праваабаронца Васіль Палякоў.

Агулам у няволі – сямёра праваабаронцаў «Вясны». Найдаўжэй за ўсіх – каардынатарка валанцёраў Марфа Рабкова. У СІЗА яна перахварэла на ковід, а на пахаванне бацькі яе не адпусцілі. Учора ўпершыню за 13 месяцаў ёй дазволілі спатканне з мужам.

«Марфа, бачна, што яна вельмі стамілася. Шмат разоў паўтарала, што яна вельмі хоча дадому. Ёсць праблемы са здароўем, павялічаны лімфа вузлы пасля перанесенага каронавірусу. Умоваў для праверкі здароўя, для дыягностыкі там няма ніякіх», – распавядае муж Вадзім Жаромскі.

Арышты і ціск уладаў значна ўскладніў, але не спыніў працу арганізацыі. Вясноўцы па-ранейшаму вядуць маніторынгі судоў, складаюць статыстыку палітвязняў і антырэйтынгі суддзяў, якія ўдзельнічаюць у судовым канвееры.

«Мінімальны ўзровень, які можна зрабіць, зафіксаваць парушэнне. Я шчыра веру, што прыйдзе час у Беларусі, калі дзяржава будзе дапамагаць тым, чые правы былі парушаныя. Людзі будуць атрымліваць розныя кампенсацыі за парушаныя правы», – мяркуе праваабаронца «Вясны» Наталля Сацункевіч.

Цяпер праваабаронцы вядуць кампанію ФрыВясна за вызваленне сваіх калегаў. Каб падтрымаць іх, можна скіраваць лісты ў месцы зняволення.

Ігар Станкевіч, «Белсат»