Папа Рымскі ў Казахстане не ўзняў тэму здушэння сілавікамі пратэстаў на пачатку 2022 года


Папа Рымскі Францішак наведвае Казахстан. Пантыфік прымае ўдзел у сёмым міжканфесійным саміце. Падчас свае прамовы Святы Айцец згадаў вайну ва Украіне, а таксама пра важнасць адмены смяротнага пакарання ў Казахстане. Але Расею за агрэсію канкрэтна не асудзіў, гэтаксама як не асудзіў улады Казахстану за сотні забітых і тысячы параненых там пад час сёлетніх пратэстаў. «Белсат» звярнуў увагу на чаканні вернікаў, а таксама ўплыў рэлігіяў на палітычнае жыццё свету – і Беларусі ў прыватнасці.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Цёплы прыём на казахскай зямлі – у межах форуму, важнага для будучыні. Удзел Папы Рымскага дадае статуснасці З’езду лідараў сусветных і традыцыйных рэлігіяў. Ва ўступнай прамове пантыфіка прагучала:

«Я наведваю вас у часе бессэнсоўнай і трагічнай вайны, якая распалілася пасля ўварвання ва Украіну. У часе, калі іншыя канфлікты і пагрозы канфліктаў/ працягваюць пагражаць нашай сучаснасці. Я тут, каб узмацніць просьбу ўсіх тых, хто заклікае да міру. […] Хто валодае большай уладаю ў свеце, нясе адказнасць за іншых – асабліва за краіны, найбольш схільныя да беспарадкаў і канфліктаў».

Францішак прыехаў у Казахстан на запрашэнне прэзідэнта Такаева. Сярод чаканняў грамадскасці было ўзняцце Папам Рымскім тэмы здушэння сілавікамі пратэстаў на пачатку 2022 года.

«Проста не гаворыць пра тыя сотні ахвяраў, якія ў Казахстане былі, і не гаворыць пра тысячы параненых. Гэта, канешне, не да канца добра. А калі ўзгадвае пра вайну, то кажа абцякальна, што “так сёння вайна ёсць”», – заўважыў ксёндз Вячаслаў Барок.

На форуме, які будзе праходзіць два дні, прысутнічаюць дэлегацыі з пяцідзесяці краінаў свету, і не толькі каталіцкія.

Грэка-каталіцкая царква ва Украіне – найвялікшая ў свеце, каля пяці мільёнаў вернікаў. Яны чакаюць ад Папы канкрэтнага асуджэння нападу Расеі, але бачаць – спробы зраўнаваць і прымірыць бакі, кажа рэлігіязнаўца з Украіны Дзмітрый Гаравы.

«Зраўняць агрэсара і ахвяру без пакаяння – гэта супярэчыць не толькі здароваму сэнсу, але і царкоўнаму веравучэнню, таму што павінен спачатку агрэсар пакаяцца, а потым пайсці і прымірыцца. Для расейцаў Папа моцна падтрымлівае Украіну. Для ўкраінцаў – Папа не дастаткова падтрымлівае Украіну».

Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыла, сустрэцца з якім у Нур-Султане выказваў надзею Папа, на зʼезд не прыехаў. Кірыла выразна падтрымлівае палітыку Пуціна ва Украіне і апраўдвае вайну. Затое на канферэнцыю паехалі прадстаўнікі Беларускай праваслаўнай царквы, якіх (як аказалася пасля выхаду гэтага матэрыялу) уключылі ў склад дэлегацыі. Ад беларускага каталіцкага епіскапату ў Казахстане гасцююць біскуп Віцебскі Алег Буткевіч і біскуп Аляксандр Яшэўскі.

На радзіме ж – сёння роўна год, як Менска-Магілёўскім мітрапалітам Папа Рымскі прызначыў арцыбіскупа Юзафа Станеўскага. Чым адметны гэты год, распавядае каталіцкі святар Вячаслаў Барок:

«У Касцёле ёсць шмат святароў, якія веруючыя… (пералічвае добрае)… але з такім наратывам Касцёлу няма чаго рабіць у публічнай прасторы грамадства і Касцёл сыходзіць у катакомбы».

Вячаслаў Барок лічыць, што палітычнаму рэжыму ўдалося заціснуць Касцёл так, што ён робіцца кампрамісным і не кажа ўсёй праўды. Святар рэзюмуе агулам пра рыторыку Касцёлу:

«Калі сусветныя лідары навучацца казаць такім чынам – прамалінейна (рэлігійныя дзеячы), тады мы можам сказаць, што выйшлі на шлях будавання міру».

І гэтыя словы – зварот перадусім да Ватыкану, але і да лідараў іншых рэлігіяў свету.

Юлія Цяльпук, «Белсат»