Пры Камітэце дзяржаўнага кантролю створаць грамадскія інспекцыі


Камітэт дзяржаўнага кантролю займее пазаштатных памочнікаў з шэрагу грамадзянаў. Паводле ўказу, апублікаванага сёння на сайце Pravo.by, яны будуць дапамагаць рабіць аналітычныя і кантрольныя захады, ускладзеныя на орган.

На думку прэс-сакратара стачкаму «Нафтану» Ігара Валяева, сістэма інспектараў будзе працаваць з прыватным сектарам эканомікі.

«Прыватнікі падтрымалі байкот і намагаюцца як мага меней грошай аддаваць хунце. Яны ж дапамагалі ўвесь гэты час нашым страйкоўцам, тым, хто трапляў пад прэсінг, грашыма ды іншым чынам. Таму, думаю, менавіта супраць прыватнікаў гэта і скіравана, каб максімальна забяспечыць кантроль за паступленнямі ў бюджэт ад прыватных структураў», – мяркуе Ігар Валяеў, прэс-сакратар стачкаму «Нафтану».

Якімі дакладна паўнамоцтвамі надзеляць грамадскіх інспектараў і якім чынам яны будуць ажыццяўляць кантроль, у дакуменце не напісалі. Але вядома, што яны не могуць мець неадбытых судзімасцяў ды адміністратыўных правапарушэнняў супраць парадку кіравання цягам года да дня падачы заявы.

«Думаю, гэта будуць добраахвотныя дружыны, каб сачыць, як людзі сябе паводзяць і, безумоўна, гэта кантрольная функцыя, ведаеце, як стваралі тройкі, каб сачыць быццам за прафзвязамі, рынкам працы», – зазначае Яраслаў Раманчук, кіраўнік навукова-даследчага цэнтру Мізэса.

Стварэнне грамадскіх інспекцыяў можа прывесці да павелічэння колькасці правяранняў Дэпартаменту фінансавых расследаванняў у дачыненні нелаяльных да ўладаў установаў і асобаў. Як сталася летась з кандыдатам на прэзідэнцтва Віктарам Бабарыкам, шэрагам праваабаронцаў і журналістаў, якіх цяпер вінавацяць у нясплаце падаткаў ды іншых фінансавых злачынствах.

«Яны будуць глядзець, хто і якімі машынамі ездзіць, хто ў якіх офісах сядзіць, хто што купляе, у каго якія дача альбо нерухомасці. Рабіць нейкія справаздачы і потым, як кажуць, рабіць наводкі для Дэпартаменту фінансавых расследаванняў, які будзе потым праводзіць гэтыя справы», – кажа Яраслаў Раманчук.

А вось спрычыніцца да кантролю дзяржаўных прадпрыемстваў пазаштатным інспектарам наўрад ці ўдасца.

«Усе злоўжыванні на заводах, прадпрыемствах, што адносяцца да дзяржавы, ідуць на найвышэйшым узроўні. Напрыклад, «Нафтанам» апекуецца Качанава. Наўрад ці яны самі сябе будуць кантраляваць», – падкрэслівае Ігар Валяеў.

Кіраваць і ацэньваць працу добраахвотнікаў будуць органы Камітэту дзяржаўнага кантролю.

Марыля Дакуцька, «Белсат»