Чэргі ў паліклінікі – дэфіцыт дактароў ці чацвёртая хваля?


Паводле карыстальнікаў сацыяльных сетак, каб трапіць да доктара, і ў Менску і па-за Менскам людзі гадзінамі стаяць на вуліцы з тэмпературай і сімптомамі, уласцівымі ў тым ліку COVID-19.

«Гэта ў першую чаргу звязана з тым, што не стае кадраў. Кадравае пытанне стаяла востра яшчэ некалькі гадоў таму, і за гэтыя гады яно не вырашалася ніякім чынам. Цяпер гэта выліваецца ў праблемы, якія, на жаль, вырашацца будуць няхутка», – тлумачыць рэаніматолаг Расціслаў Савіцкі.

Але рэч не толькі ў дэфіцыце дактароў. Павышэнне колькасці пазітыўных вынікаў тэстаў на каронавірус адзначае нават афіцыйная статыстыка. Цягам содняў зафіксавалі 1 630 новых пацыентаў з COVID-19, пазаўчора ж лік сягнуў амаль дзвюх тысячаў. Агулам колькасць зафіксаваных выпадкаў каронавіруса расце з канца жніўня.

Даюць справаздачы чыноўнікі і аб вакцынацыі насельніцтва. Паводле іх, амаль паўтара мільёна чалавек ужо прайшлі поўны курс вакцынацыі. Прышчэпліваць ад каронавірусу пачынаюць нават у месцах зняволення, распавядае жонка палітычнага вязня Андрэя Скурко.

«Прапаноўвалі расейскую або кітайскую вакцыну на выбар. Як ён напісаў у лісце, «спецыялісты, з якімі я сустракаўся на Акрэсціна, сказалі, што кітайская вакцына не дапамагае ад новых штамаў у адрозненне ад расейскай, таму я запісаўся на расейскую», – кажа Паліна Скурко.

Дактары ж падкрэсліваюць, што даверу да афіцыйных лічбаў няма. У залежнасці ад патрэбаў уладаў лічбы могуць ці паказваць, што сітуацыя пад кантролем, ці прамаўляць да міжнароднай супольнасці.

«Ёсць варыянт, што афіцыйны Менск хоча паказаць сусветнай грамадскасці, што вельмі моцна цярпіць ад ковіду Беларусь, і гэты мільярд, што яны так хацелі атрымаць ад Міжнароднага валютнага фонду на барацьбу з каронавірусам, яны заслужана яго атрымалі», – кажа доктар Алег Дарашкевіч.

Міністэрства здароўя прызнала чарговую хвалю, з гэтай нагоды ў Савеце Рэспублікі адбылася адмысловая нарада.

«На парадку дня адмыслоўцаў – пытанні забяспечанасці лекавымі прэпаратамі, сродкамі індывідуальнай абароны, кіслародам. Асобнае пытанне абмеркавання – наяўнасць вольных месцаў у больніцах, гатовасць перапрафілявацца», – паведамляецца ў афіцыйным тэлеграм-канале міністэрства аховы здароўя.

Але сітуацыя з каронавірусам кантралюецца толькі на словах і на паперы, лічыць Расціслаў Савіцкі:

«Па факце сітуацыя як працякала без кантролю, так і працякае. Цяпер мы не маем перакананасці ў лячэнні, у падыходах, у вакцынах, што мы маем. То бок мы маем ілюзорны план, але ўпэўненасці, што ён працуе, няма».

Што могуць у гэтай сітуацыі рабіць людзі? Тое, што і раней, перакананыя медыкі. Прышчапіцца хоць якой даступнаю вакцынаю, насіць маскі ў грамадскіх месцах, мыць рукі і захоўваць асабістую гігіену.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»