Галоўчанка цвердзіць, што Еўразвяз гатовы гандляваць з Беларуссю, але Брусель рыхтуе сёмы пакет санкцыяў


Еўразвяз не разрывае эканамічных дачыненняў ні з Беларуссю, ні з Расеяй. Заявіў прэм‘ер Раман Галоўчанка. Маўляў, нягледзячы на ўведзеныя Захадам санкцыі, Беларусь працягвае гандляваць і з Еўразвязам, і са Злучанымі Штатамі. Але ці праўда гэта? І ці гатовы працягваць эканамічныя стасункі Брусель?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Мы заўсёды казалі пры фармаванні гэтай санкцыйнай палітыкі, што неабходна ўлічваць інтарэсы прыватнага беларускага бізнесу і не абмяжоўваць яго ні ў якім разе, бо менавіта прыватны беларускі бізнес будзе падмуркам новай эканомікі новай вольнай Беларусі. Таму не выключаем, што можа быць і рост у эканамічных адносінах, і ў гандлі з Еўропай. Але гэта трэба абсалютна аддзяляць ад палітычных дачыненняў», – кажа прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету Валер Кавалеўскі.

Еўразвяз для Беларусі – важны эканамічны партнёр. За мінулы год краіны нагандлявалі амаль на 16,5 мільярдаў долараў. Больш толькі з Расеяй – на 40 мільярдаў. Цяпер жа праз эканамічныя санкцыі Беларусі бракуе еўрапейскіх грошай, якія краіна атрымоўвала праз гандаль калійнымі ўгнаеннямі, нафтай і дрэваапрацоўку. Гэтыя кірункі для беларуска-еўрапейскіх дачыненняў цяпер закрытыя. Але агулам гандаль паміж краінамі ўсцяж працягваецца. У сферах, якія пакуль не закранулі санкцыі.

«Існуюць еўрапейскія інвестыцыі на тэрыторыі Беларусі. То бок санкцыі, якія ўвялі заходнія краіны, яны не распаўсюджваюцца на ўвесь гандаль, на ўсю эканоміку. Яны чапляюць толькі найбольш адчувальныя сферы беларускай эканомікі», – тлумачыць палітолаг Валер Карбалевіч.

Паралельна ў Еўрапарламенце вядзецца гаворка пра наступны – сёмы пакет санкцыяў. Плануецца, што ён закрые лазейкі для гандлю з рэжымам ва ўжо забароненых кірунках. Апрача таго, у яго, кажа Валер Кавалеўскі, маюць увайсці і дэпутаты, якія працягваюць працу на баку рэжыму.

«А таксама вельмі важна асвятліць, падкрэсліць ролю лукашэнкаўскага рэжыму ў вайне супраць Украіны. Трэба нацэльвацца на інфраструктуру, на Мазырскі нафтаперапрацоўчы камбінат, на тыя аэрадромы, з якіх праводзіліся ці праводзяцца запускі бамбавальнікаў у бок Украіны, ці запускаліся ракеты», – распавядае Валер Кавалеўскі.

Паводле таго ж Рамана Галоўчанкі, санкцыі заблакавалі экспарт тавараў на 16–18 мільярдаў долараў на год. Варта адзначыць, што гэта больш як чвэрць валавога ўнутранага прадукту. На ўсходнія ж рынкі ўсяго не прадасі.

«Гэта вельмі сур’ёзна, рэальна вельмі сурʼёзна. Гэта шок, якога беларуская эканоміка раней ніколі не адчувала. Калі гэта насамрэч не змогуць замяніць за кошт нейкіх іншых магчымасцяў», – лічыць эканаміст Аляксей Харкевіч.

Пры гэтым, кажа эканаміст, такія лічбы могуць быць завышаныя. Каб пакінуць гэткі плацдарм для манеўраў з Расеяй. Кажучы прасцей, каб атрымаць ад яе больш грошай. Прынамсі, паўтара мільярда долараў у Лукашэнкі ўжо будуць. Іх Пуцін выдзеліў на беларускую вытворчасць, каб тая дапамагла ў гэтак званым імпартазамяшчэнні. Але дзіру на 18 мільярдаў яна ніяк не пакрые, кажа Аляксей Харкевіч.

«Гэта непамерныя лічбы. На дадзены момант зразумела, што гэта, хутчэй, закрыццё нейкіх экстранных кірункаў, крытычных менавіта для харчовай бяспекі», – кажа Аляксей Харкевіч.

Сама ж Расея праз санкцыі страціла больш за 160 мільярдаў долараў. І яшчэ штосодні 20 мільярдаў ідуць на падтрыманне арміі. Таму колькі яшчэ зможа карміць свайго галоднага суседа – пытанне адкрытае.

Надзея Бельская, «Белсат»