Талібы працягваюць захоп Афганістану


Усё новыя тэрыторыі ў Афганістане захопліваюць талібы. Сёння баевікі ўзялі пад кантроль галоўную радыёстанцыю Кандагару – другога паводле велічыні гораду краіны.

Сам горад пад іхнаю ўладай ад пазаўчора. Прэзідэнт краіны выступіў са зваротам да нацыі.

«Нашая любімая краіна Афганістан сутыкнулася з сур‘ёзнай пагрозай – адсутнасцю бяспекі з нагоды навязанай нам вайны. Я інфармаваны пра сітуацыю ва ўсім Афганістане», – кажа ў сваёй прамове прэзідэнт Афганістану Ашраф Гані.

У сваім звароце прэзідэнт Афганістану падзякаваў вайскоўцам, якія адчайна бароняць гарады ад «Талібану». Аднак войска Афганістану не ў сілах доўга стрымліваць баевікоў. Многія вайскоўцы ўцякаюць, пакідаючы зброю і тэхніку. Сотні тысяч мірных жыхароў уцякаюць у Кабул, але ці надоўга? Паводле амерыканскай выведкі, баевікі могуць захапіць сталіцу цягам аднаго-трох месяцаў.

Пад кантролем баевікоў ужо больш чым палова адміністрацыйных цэнтраў. Забітыя тысячы мірных жыхароў.

«Сітуацыя з бяспекай у горадзе пагаршаецца. Я жыву тут 18 гадоў, і хачу міру і стабільнасці. Баявыя дзеянні павінныя спыніцца», – занепакоены жыхар Мазар-э-Шарыф Кава Башарат.

Уладу талібаў у Афганістане зрынулі Злучаныя Штаты. Гэта здарылася ў 2001 годзе, пасля тэрактаў 11-га верасня. З тых часоў ЗША кантралявалі краіну, падтрымліваючы новую ўладу. Сёлета ж захоп тэрыторыяў талібамі адбываецца на фоне вываду амерыканскіх войскаў з Афганістану. Адмысловец у нееўрапейскіх цывілізацыях Яўген Красулін кажа, што прычына цяперашняй вайны, сярод іншага, у тым, што ЗША не пазначылі для сябе, за што ваююць, і ня здолелі матываваць сілы, з якімі супрацоўнічалі.

«Таксама тут можна казаць, што праблема метадалагічная – яны па-ранейшаму глядзяць на ўмоўны ўсход, як на нешта чужое. Усход – справа тонкая і таму там вось гэтыя ўсе кланы, карупцыя, жорсткасць – гэта ўсё для іх натуральна, мы не мусім туды ўмешвацца», – лічыць Яўген Красулін.

Сітуацыя ў Афганістане выходзіць з-пад кантролю, – заявіў напярэдадні Генеральны сакратар Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў Антонью Гутэрыш. ААН заклікае суседнія краіны адкрываць свае межы для ўцекачоў. А ці можа гэта справакаваць новы міграцыйны крызіс у той жа Еўропе?

«Калі не будзе ніякай замежнай падтрымкі: арганізаваных калідораў і таму падобнае, яны хутчэй будуць праблемай для некаторых іншых краінаў. Гэта ў першую чаргу паўночныя суседзі: Таджыкістан, Узбекістан», – кажа Яўген Красулін.

Напярэдадні баевікі захапілі сталіцу правінцыі Лагар – Пул-і-Алам, што ўсяго за 80 кіламетраў ад Кабулу. Таму ЗША пастанавілі часова вярнуць у сталіцу Афганістану сваіх вайскоўцаў. Тры тысячы жаўнераў маюць забяспечыць эвакуацыю амерыканскіх дыпламатаў і тых афганцаў, якія супрацоўнічалі з Вашынгтонам.

Надзея Бельская, «Белсат»