Каардынацыйнай радзе спаўняецца год


Роўна год таму, праз 5 дзён пасля прэзідэнцкіх выбараў Святлана Ціханоўская заявіла аб стварэнні Каардынацыйнай рады.

У склад Каардынацыйнай рады увайшлі палітыкі, журналісты, бізнесоўцы і дзеячы культуры. Паводле аўтараў канцэпцыі, Каардынацыйная рада мае дапамагчы пераадолець палітычны крызіс у Беларусі і пазбегнуць расколу паміж грамадствам і чыноўнікамі.

«Вялікім дасягненнем стала аб’яднанне людзей з рознымі поглядамі, з розным бачаннем развіцця нашай краіны ў адзін калегіяльны орган, дзе мы дагэтуль сустракаемся, абмяркоўваем, дзелімся сваімі думкамі і пазіцыямі, каб выпрацоўваць тыя крокі, якія маглі б дапамагчы нашай краіне выйсці з гэтага палітычнага крызісу», – адзначае сябра прэзідыуму Каардынацыйнай рады Вольга Кавалькова.

Пакуль жа выйсці з крызісу не атрымалася. Чаму?! Тлумачыць палітолаг Валер Карбалевіч:

«Ніякай важнай цямнай ролі ў ходзе гэтых пратэстаў Каардынацыйная рада не адыграла і не магла адыграць. З шэрагу розных прычынаў. Адна з іх – гэта тое, што ў Каардынацыйнай рады не знайшлося мужнасці, смеласці ці чагосьці іншага, каб сказаць, што мы прадстаўляем народ Беларусі, які выйшаў на вуліцы, з намі трэба весці перамовы».

18-га жніўня на першым паседжанні Рады ў Менску абвясцілі яе асноўную мэту: правядзенне новых выбараў і мірны транзіт улады.

«Гэта было недасягальна ў прынцыпе. Каардынацыйная рада заняла цікавую пазіцыю: яна не хацела, не планавала прадстаўляць сябе органам народнага пратэсту, а яна хацела стаць пасярэднікам паміж уладамі і тымі людзьмі, якія выходзяць на вуліцы. Ну а паколькі ўлады на ніякія перамовы ісці не захацелі, то роля гэтага пасярэдніка падвісла ў паветры».

Паводле Вольгі Кавальковай, нягледзячы на рэпрэсіі, шмат праектаў усё ж такі ўдалося зрэалізаваць:

«Працоўная група ў адукацыі, працоўная група хрысціянскага бачання, працоўная група ў эканоміцы, шмат-шмат іншых кірункаў у мясцовым самакіраванні, рэгіянальным развіцці, у якіх мы думаем, як развіваць нашую краіну далей».

Раней Лукашэнка заяўляў, што стварэнне Каардынацыйнай рады – «спроба захопу ўлады з усімі выніковымі наступствамі». Супраць органу завялі крымінальную справу. Цяпер у закрытым рэжыме судзяць сябраў прэзідыуму Каардынацыйнае рады Максіма Знака і Марыю Калеснікаву. Іншыя чальцы – за мяжой.

Каця Малей, «Белсат»