Закратаваная «Вясна»


Без суду і, хутчэй за ўсё, без следства сядзяць за кратамі сёння многія і многія беларусы, якія знайшлі ў сабе смеласць абараніць уласную годнасць і выступіць супраць дыктатуры ў краіне. А таксама тыя, хто бараніў правы суайчыннікаў, якія трапілі ў жарнавы палітычных рэпрэсіяў. Гаворка ў тым ліку і пра сябраў адной з найстарэйшых беларускіх праваабарончых арганізацыяў – Цэнтру «Вясна».

Разгром «Вясны» пасярод лета. Роўна год старшыня, ягоны намеснік і юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч застаюцца за кратамі. 14-га ліпеня 2021-га сілавікі зладзілі рэйд па грамадскіх арганізацыях – з ператрусамі і затрыманнямі. Тады агулам за краты трапілі ажно 11 вясноўцаў.

«Працаваць было цяжка. Мы адчувалі ціск увесь час. Мы чакалі, што кожны дзень да нас могуць прыйсці ці затрымаць на вуліцы. Таму што, напрыклад, мяне затрымалі на вуліцы, хоць я чакаў увесь час ператрусу і нават ужо супакоіўся таго дня, што са мною нічога не здарыцца», – прыгадвае адзін з вясноўцаў Андрусь Крэчка.

«Вясна» заўсёды займалася дапамогай людзям, правы якіх парушыла дзяржава. Яна займалася абаронай правоў чалавека, і тым жа сама яна працягвала займацца і пасля прэзідэнцкіх выбараў. Акурат гэтым, анічым іншым «Вясна» не займалася. Адпаведна, дзяржава, якая парушала правы чалавека, паспрабавала знішчыць усе перашкоды для гэтага», – дадае жонка Валянціна Стэфановіча Аліна Стэфановіч.

На сёння за кратамі застаюцца сямёра вясноўцаў: згаданыя вышэй Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч, а таксама Леанід Судаленка, Таццяна Ласіца, Марфа Рабкова і Андрэй Чапюк.

Асноўная прэтэнзія да праваабаронцаў – нібыта нясплата падаткаў у буйным памеры. Дзеля гэтага вясноўцы быццам наўмысна не рэгістравалі сваёй арганізацыі. Насамрэч жа цэнтр «Вясна», заснаваны яшчэ ў 1997-ым, ужо ў 2003-ім быў зліквідаваны рэжымам Лукашэнкі за ўдзел у назіранні за выбарамі.

«Улады хацелі, каб гэта быў разгром, але разгрому не атрымалася. Таму што «Вясна» дагэтуль працуе. Гэта некалькі дзясяткаў чалавек, гэта дзясяткі валанцёраў. Нам, у прынцыпе, не будзе сорамна зірнуць у вочы сваім калегам, калі яны выйдуць на волю», – кажа юрыст ПЦ «Вясна» Павел Сапелка.

На якой стадыі следства сёння, якія дзеянні вядуць следчыя і ці вядуць, невядома. Адвакаты палітычных вязняў – пад падпіскай аб неразгалошванні. Ліставанне і раней было не надта, а з пачаткам поўнамаштабнае вайны Расеі супраць Украіны пагоршала яшчэ больш: зрэдчас лісты даходзяць толькі да сваякоў закратаваных вясноўцаў.

«Навінаў пакуль што аніякіх няма. Справа не закрытая, хаця прайшоў ужо цэлы год. Невядома, калі будзе суд. Фактычна, не вядома нічога. Адзінае, што мяне радуе, – тое, што Валянцін здаровы, адчувае сябе добра і бадзёра», – кажа Аліна Стэфановіч.

Цягам года акцыі ды кампаніі салідарнасці са зняволенымі праваабаронцамі праходзілі літаральна па ўсім свеце. Спыніць рэпрэсіі ды вызваліць вясноўцаў ад рэжыму Лукашэнкі запатрабавала 161 праваабарончая арганізацыя, палітыкі рознага рангу з усяго свету.

Не зважаючы на рэпрэсіі, праваабарончы цэнтр «Вясна» працягвае сваю дзейнасць і сёння, дапамагаючы пацярпелым ад лукашызму беларусам. І ў гэтым ёсць адразу два важныя моманты, пра якія варта памятаць, каб не апускаць рук. Па-першае, сіла салідарнасці і сіла адзінства мацнейшыя за ўсялякія рэпрэсіі. Ну і па-другое, нават пасля самае лютае зімы рана ці позна, але абавязкова надыходзіць вясна.

Валера Руселік, Белсат