Прысуд Змітру Дашкевічу – калонія, жонцы Насці – «хатняя хімія»


Калі ганіць суддзяў і пракурораў пачнуць іхныя дзеці, магчыма, прыйдзе ўсведамленне адказнасці за палітычныя расправы над беларусамі. Гэта адная з думак асуджанага сёння на паўтара года Змітра Дашкевіча – патрыёта сваёй краіны, які правёў за кратамі не адзін год за ўласныя перакананні. Упершыню асудзілі і ягоную жонку Насту – маці чацвярых дзяцей, якую Зміцер называе святою жанчынай.

Паўтара года калоніі агульнага рэжыму – Змітру Дашкевічу. Тры гады «хатняй хіміі» ягонай жонцы Насці – за ўдзел у акцыі пратэстаў 2020-га года.

У апошнім слове Зміцер Дашкевіч папрасіў прабачэння перад Анастасіяй, а суддзі распавёў гісторыю пра тое, як летась са слязамі на вачах перад ім выбачалася дзяўчына:

«Дзяўчына кажа: «Тата мой у 2004 годзе даў вам 14 сутак, памятаеце?» А я вельмі добра запомніў, таму што гэта быў адзіны выпадак, калі мне 14 сутак давалі. І вось праз 17 гадоў да мяне падышла дачка суддзі і сказала: «Прабачце». (…) А тут паўтара года мы просім для матулі з немаўляткам на руках… Што адбываецца зараз, немагчыма зразумець», – чуем на аўдыязапісе з суда Маскоўскага раёну Менску.

Палітвязень кажа аб прысудзе, вынесеным за ўдзел у забароненым уладамі шэсці «Чарнобыльскі шлях» у 2004-ым. Потым Дашкевічу яшчэ не раз давалі содні. А пасля выбараў 2010-га, якія скончыліся пратэстамі ў сталіцы, атрымаў два, а пазней яшчэ год калоніі. На гэты раз – паўтара гады ў няволі.

«Тое, што ім інкрымінавалі – прысутнасць на масавым мерапрыемстве (дзяржава гэта лічыць парушэннем грамадскага парадку… на мой погляд гэта абсалютна законнае права кожнага грамадзяніна – выказваць сваё меркаванне», – кажа праваабаронца Раман Кісляк.

Зміцер – грамадскі актывіст, які свайго меркавання ніколі не хаваў. Ачольваў найстарэйшую апазіцыйную арганізацыю «Малады Фронт», выступаў за дэмакратыю і нацыянальнае адраджэнне, дзяжурыў на курапацкай вахце на месцы масавых расстрэлаў беларусаў карнікамі НКУС. У апошнія гады…

«Яшчэ пару год да апошніх прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі Зміцер, як такі ініцыятыўны чалавек, больш займаўся бізнесам. У яго была свая майстэрня па зборцы мэблі. Ён шмат укладаў у сям’ю, у беларускую культуру», – распавядае сябар сямʼі Зміцер Хведарук.

Прысуд абвесціла суддзя Таццяна Піражнікова, якая раней судзіла не адзін дзясятак грамадскіх дзеячаў краіны. Яна датычная да палітычна матываванага пераследу з 2016-га года. Сярэднія тэрміны, якія яна выносіла па палітычных справах – ад двух з паловаю да чатырох гадоў. Прысудзіла таксама 449 содняў арышту і штрафаў на суму амаль Br 15 тыс.

Сябар хрысціянскай сямʼі Дашкевічаў і таксама вернік Дзяніс Садоўскі кажа:

«Калі даведаліся, што пракурор просіць 1,5 г для Насты – канешне гэта быў шок. Мы – хрысціяне і Царква, у якую ходзіць Наста, маліліся і бралі пост за тое, каб гэтага сапраўды не адбылося. Як бы не было сумна пра гэта казаць, але ўздыхнулі з палёгкаю. Што прынамсі маці застанецца з дзецьмі».

У Анастасіі чацвёра дзяцей. Малодшае – нарадзілася ўсяго месяц таму. Зміцер на судзе ўзгадаў, што пасля арышту супрацоўнік ГУБАЗіК пагражаў яму, што Насця будзе нараджаць за кратамі. У выніку яна застанецца на так званай хатняй хіміі…

«Паўнамоцтвы ў спецыяльных органаў – у любы час прыходзіць у гэтае жыллё, правяраць. Могуць электронныя бранзалеты паставіць, накласці забарону на наведванне якіх-небудзь месцаў, і нават на медычны агляд у медустановы могуць завезці. Гэта такі дадатковы спосаб кантролю над чалавекам», – тлумачыць Раман Кісляк.

Маральна і не толькі – Насці Дашкевіч будуць дапамагаць шматлікія сябры сямʼі, а таксама Царква.

Юлія Цяльпук, «Белсат»