У Грузіі патрабуюць адказнасці за гвалт


Ажно чатыры грузінскія тэлеканалы спынілі вяшчанне на знак пратэсту супраць гвалту над журналістамі і ў сувязі са смерцю пацярпелага падчас нападу на журналістаў тэлеаператара тэлеканалу «ТВ Пірвэлі» Аляксандра Лашкаравы. Напад на журналістаў, пры поўным бяздзеянні паліцыі, адбыўся на акцыі пратэсту супраць правядзення гей-параду ў Тбілісі.

Кіраўніцтва тэлекампаніяў «ТВ Пірвэлі», «Мтавары Архі», «Формула», «Каўкасія» патрабуе ад уладаў прыцягнуць да адказнасці ўсіх вінаватых у нападзе і збіцці.

У сетцы вяшчання гэтых кампаніяў на чорным фоне паказаны спіс з пяцідзесяці трох журналістаў, збітых 5-га ліпеня раз’ятраным натоўпам. Пратэстоўцы таксама вінавацяць улады ў бяздзеянні і патрабуюць адстаўкі прэмʼер-міністра Грузіі Іраклія Гарыбашвілі.

Учора памерлага пасля збіцця тэлеаператара пахавалі, калегі праводзілі яго апладысментамі.

Венесуэла – універсітэт у заняпадзе

Цішыня, багна, графіці на сценах, пашкоджаная інфраструктура. Сумныя вынікі кіраўніцтва Мадуры праз гісторыю таго, што сталася з Цэнтральным універсітэтам Венесуэлы – найстарэйшай і найвялікшай навучальнай установаю краіны.

Пандэмія тут толькі адна са шматлікіх праблемаў, што ўплываюць на інстытуцыю, галоўны комплекс будынкаў якой вядомы як Універсітэт гораду Каракас. Уся інфраструктура ўніверсітэту цяпер пад пагрозаю праз поўную адсутнасць дзяржаўнага фінансавання, дрэнны менеджмент універсітэцкіх уладаў і неадэкватнае абслугоўванне будынкаў, спраектаваных калісьці вядомым архітэктарам-мадэрністам Карласам Раулем Віллянуэва і размаляваных вядомымі мастакамі. І гэта пры тым, што будынкі Універсітэту гораду Каракас былі абвешчаныя ЮНЭСКО сусветнай спадчынай.

Студэнты кажуць, што ўніверсітэцкія ўлады скарысталі пандэмію каронавіруса і адмену заняткаў як нагоду самаадхіліцца ад развязання шматлікіх праблемаў універсітэцкай інфраструктуры. Сёння ўніверсітэт існуе толькі дзякуючы неабыякавым студэнтам, якія яшчэ ўдыхаюць у яго жыццё.

З самага пачатку пандэміі студэнты з розных факультэтаў парадкавалі тэрыторыю сваёй альма-матэр. Скасаванне адмысловых грашовых фондаў, недахоп кваліфікаваных працоўных кадраў, сярэднія заробкі па 5 долараў на месяц – усё гэта ставіць лёс сусветнай спадчыны ЮНЭСКО пад вялікае пытанне.

Дзень узяцця Бастыліі

Францыя адзначае Дзень узяцця Бастыліі. З нагоды нацыянальнага свята ў Парыжы адбыўся традыцыйны вайсковы парад, які вітаў прэзідэнт краіны Эманюэль Макрон.

У ліпені далёкага 1789 года начныя вуліцы Парыжу былі асветленыя тысячамі паходняў. Ва ўсім горадзе збіраліся натоўпы даведзеных да адчаю людзей. Народ Францыі працяглы час трываў здзекі й самадурства ўлады. Нарэшце французы паўсталі, вызвалілі сваіх герояў і зрынулі тыранію. Сёння Францыя – сучасная краіна з еўрапейскімі й гуманістычнымі каштоўнасцямі.

belsat.eu