Лукашэнка знішчае грамадскія арганізацыі


Пасля масавых рэпрэсіяў над удзельнікамі мірных пратэстаў, палітычнымі актывістамі ды журналістамі, пачалася масавая атака на грамадскія арганізацыі ды праваабаронцаў Беларусі. З самай раніцы спецслужбы ўломваліся ў офісы і кватэры дзясяткаў грамадскіх дзеячаў, якія адсочваюць парушэнні правоў чалавека.

Аблаву на грамадскія арганізацыі ўлады пачалі з праваабаронцаў. А сёмай раніцы з ордарамі на ператрус на падставе крымінальнай справы аб арганізацыі пратэстаў сілавікі прыйшлі да актывістаў цэнтру «Вясна». Сябраў Рады арганізацыі Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча павезлі на допыт, пасля чаго затрымалі на семдзесят дзве гадзіны. У праваабаронцаў вынеслі ўсю тэхніку. Знікла сувязь са старшынём «Вясны» Алесем Бяляцкім.

«На жаль, сёння вядома як мінімум 15 прозвішчаў людзей, сувязі з якімі ў нас няма і статусу якіх мы не ведаем. Яны зніклі пасля ператрусаў, і, на жаль, гэты спіс папаўняецца», – кажа Алег Агееў, праваабаронца.

У краіне затрымалі як мінімум 14 праваабаронцаў з арганізацыяў «Lawtrend», «Вясна» і кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання». Ператрусы прайшлі ў офісах 12-ці арганізацыяў. Сярод іх – дабрачынны праект «Імёны», грамадска-палітычны рух «За Свабоду!», Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына», Беларуская асацыяцыя журналістаў і Цэнтр эканамічных даследаванняў BEROC. Ці ўдасца ўладам знішчыць грамадзянскія ініцыятывы?

«Усё, што нам трэба, каб працягваць займацца абаронай правоў чалавека, у нас ёсць. У нас ёсць структуры на месцах, у нас ёсць магчымасці прывозіць грошы, вывозіць людзей, атрымліваць і перадаваць інфармацыю. І я кажу не канкрэтна пра by_help або by_sol. Я кажу пра дзясяткі арганізацыяў», – распавядае сузаснавальнік кампаніі by_help Аляксей Лявончык.

На мінулым тыдні сілавікі нанеслі ўдар па незалежных медыях. 9-га ліпеня ўлады абшукалі рэдакцыю і заблакавалі сайт папулярнага выдання «Наша Ніва», а таксама арыштавалі трох яго рэдактараў. Іх, як і затрыманых сёння праваабаронцаў, падазраюць у «арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». З чацвярга па панядзелак ператрусы прайшлі ў рэдакцыях 8-мі цэнтральных і рэгіянальных СМІ.

«Калі памятаеце, у адным са сваіх старых зваротаў міністр замежных спраў Макей казаў, што калі санкцыйны ціск будзе працягвацца, то ад грамадзянскай супольнасці нічога не застанецца. Сказалі – робяць. Другая частка – гэта вельмі важныя для Лукашэнкі працэсы, якія пройдуць у бліжэйшыя месяцы. Гэта падрыхтоўка так званай Канстытуцыі і вынас яе на рэферэндум», – кажа Ігар Тышкевіч, «Украінскі інстытут будучыні».

У адказ на рэпрэсіі, якімі Менск душыць палітычныя пратэсты, што ўспыхнулі год таму, Еўразвяз увёў ужо чатыры пакеты санкцыяў. Сярод іх – забарона на набыццё беларускіх нафтапрадуктаў і калію, уведзены пасля прымусовай пасадкі еўрапейскага авіялайнера ў Менску. У адказ на арганізацыю каналу незадакументаванай міграцыі з Іраку ў Літву, Вільня і Варшава пагражаюць падрыхтаваць новы санкцыйны спіс. Санкцыі ў адказ на сённяшнія рэпрэсіі Еўразвяз прыме ў верасні.

«Краіны Балтыі, Польшча, Румынія прымуць свае санкцыйныя спісы раней, яны не звязаныя кансэнсусам 27 краін Еўразвяза. Еўразвяз падцягнецца крыху пазней. Акрамя таго, мы ведаем, што і Вашынгтон, і Канада, і Вялікая Брытанія рыхтуюць меры, прымеркаваныя да гадавіны пратэстаў 9 жніўня. Будучыя санкцыі будуць мець большы маштаб», – лічыць Франак Вячорка, дарадца Святланы Ціханоўскай.

Актывісты грамадскай кампаніі by_help, якія сабралі больш за 4 мільёны долараў на выплаты штрафаў для ўдзельнікаў пратэстаў, сёння абвясцілі новы збор – на экстранную эвакуацыю журналістаў, праваабаронцаў і грамадскіх актывістаў.

Аляксандр Папко, «Белсат»