Абітурыенты тэставаліся ў мове. Ёсць неспадзяванкі


Адзіная – родная, і адна – з дзвюх канстытуцыйных… Сёлета з тэставання ведаў у беларускай мове распачалося цэнтральнае тэставанне. Свае веды паказалі больш за 18 тыс. абітурыентаў – на 200 асобаў больш, чым у гэтай дысцыпліне летась. На фоне змяншэння з года ў год тэставаных на роднай мове – пазітыўны рост.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Без тэлефонаў ды іншых гаджэтаў. Без права мяняцца месцамі, даваць ці прымаць падказкі. Беларуская мова «адкрыла» сёлетняе цэнтралізаванае тэставанне. На экране (прынамсі ў некаторых аўдыторыях) дысцыпліну назвалі па-расейску – «Белорусский язык». Ці гэтак было заўсёды?

«Наколькі я ведаю, беларуская мова называлася «беларускаю мовай» – па-беларуску. Ідзе такая непрыхаваная русіфікацыя. Раней шматлікія рэчы культурныя і каштоўнасныя былі прыхаваныя і невідавочныя. Цяпер жа ўсё відавочна», – лічыць кандыдатка эканамічных навук і метадолаг Святлана Мацкевіч.

Найбольш абітурыентаў – 5,3 тыс. – будуць здаваць расейскую мову. На траціну менш ахвочых – тэставацца ў матэматыцы. І ўтрая менш заявак на беларускую мову, чымся на расейскую. Да прыкладу, у 2009 годзе беларускую мову на ЦТ здавалі 65 тыс. абітурыентаў. Расейскую мову – толькі ўдвая больш, 110 тыс. Найбольш масавай дысцыплінаю тады была матэматыка (116 тыс), а не расейская мова.

Агульныя лічбы ўдзельнікаў тэставання ў 2009 годзе сягалі 175 тыс. асобаў. Цяпер яны блізкія да 62 тыс.

«У 2009 годзе беларуская мова набрала 37 % сярод тых, хто здае ЦТ, цяпер 27 %. Мы бачым трэнд на змяншэнне на 1-2 % на год. Я б гэта звязваў з дэмаграфічнай ямінай. Змяншаецца колькасць беларускамоўных школаў. У выніку менш дзяцей з іх выпускаецца. Але агулам гэта адлюстраванне тэзы, што цяпер менш моладзі агулам і менш моладзі на вёсцы», – кажа аналітык BISS, выкладчык Вадзім Мажэйка.

Калі ж звярнуцца да асаблівасцяў беларускай сістэмы ЦТ, на ягоную думку, яна сапраўды перамагла карупцыю пры паступленні ў ВНУ. Ёсць «але».

«Такая стандартызацыя іспытаў не даецца лёгка. У выніку людзі не ўмеюць выказваць свае думкі, не ўмеюць пісаць. Гэта прыводзіць да таго, што мы бачым вялікія праблемы ў студэнтаў, у тым ліку з напісаннем акадэмічных працаў», – заўважыў Вадзім Мажэйка.

Наступныя ў графіку дысцыпліны тэставання – расейская мова (16 і 17 чэрвеня), грамадазнаўства (19 чэрвеня), у дваццатых днях чэрвеня – матэматыка, біялогія, замежная мова, хімія і фізіка. Веды ў гісторыі Беларусі і свету абітурыенты пакажуць на пачатку ліпеня.

Юлія Цяльпук «Белсат»