Палітычная працэсы ў судах і накіраванне ў псіхіятрычную лячэбніцу


Судовыя паседжанні працягваюцца ў панядзелак: новы артыкул у Соф‘і Сапегі, закрыты суд па справе Ціханоўскага і прымусовае накіраванне ў псіхіятрычную лячэбніцу.

Скаргу на затрыманне Соф‘і Сапегі адхілілі. Да таго ж адвакат даведаўся, што на дзяўчыну завялі яшчэ адну крымінальную справу – за нібыта распальванне варожасці. Іншая справа – за ўдзел у масавых беспарадках.

«Яна казала пра тое, што перыядычна ў яе ўзнікае пачуццё страху. На сёння месца ўтрымання – СІЗА КДБ. 00:23-00:34 Кормяць добра ў сталовай КДБ. Гатуецца для іх ежа, гэта агульнавядомы факт. Таму праблемаў з харчаваннем яна ніякіх не мае», – перадае навіны ад Соф’і Сапегі яе адвакат Аляксандр Філановіч.

Соф’ю Сапегу затрымалі 23-га траўня разам з Раманам Пратасевічам пры захопе самалёта «Ryanair».

Адхілілі і скаргу на намесніка кіраўніка аддзелу міліцыі Першамайскага раёну Віцебску Івана Доўгага. Ён пратрымаў у аддзяленні 8 гадзінаў без ежы ды лекаў шэсць жанчын. Пасля ўсіх, акрамя Таццяны Севярынец, накіраваў у ізалятар на ноч да суда. Іх затрымалі 13-га студзеня за несанкцыянаваную акцыю, хоць кабеты займаліся скандынаўскаю хадою. Тады суд не прызнаў віны жанчын.

«Калі ёсць магчымасць, мы ўдакладнім ужо ў юрыста, мы будзем падаваць нанова, але ўжо ў іншы суд, не грамадзянскі. Гэта ўжо будзе суд крымінальны – за перавышэнне паўнамоцтваў спадаром Доўгім Іванам», – плануе Таццяна Севярынец.

Тым часам гарадзенскі музыка і актывіст Ігар Банцэр рыхтуецца адбываць паўтара года гэтак званай хіміі. Мужчыну накіравалі ў віцебскую папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Туды Ігар Банцэр мусіць прыехаць да чацвярга. У сакавіку актывіста прызналі вінаватым у хуліганстве за танец без штаноў перад міліцэйскаю машынай.

«Чаму мяне накіравалі ў Віцебск далей ад дому? Бо накіравалі далей ад дому. Гэта і пытанне, і адказ. Я не мушу хіба што казаць, што гэта практыка агульная з усімі палітычнымі», – упэўнены Ігар Банцэр.

Яшчэ адзін метад пакарання – накіраванне ў псіхіятрычную лячэбніцу. Гэтак, суд Маскоўскага раёну Менску пастанавіў ужыць прымусовае лячэнне ў дачыненні 30-цігадовага барысаўца, які 3-га сакавіка разбіў шыбу ў Доме ўраду. Судовая экспертыза паказала, што мужчына нібыта пакутуе на псіхалагічны разлад. Раней у міліцыі паведамлялі, што ўлетку ён хадзіў з рупарам і заклікаў не быць абыякавымі да лёсу сваёй краіны.

Сярод новых тэндэнцыяў беларускага правасуддзя – нават не распачынаць следства. Гэтак, не будуць разгледжаныя шматлікія патрабаванні грамадзянаў аб расследаванні суіцыду 18-цігадовага пратэстоўца Дзмітрыя Стахоўскага. Менская пракуратура заявіла, што падаваць заявы на распачынанне крымінальнай справы могуць тыя асобы, якіх закранае рашэнне органаў. Хлопец – сірата, што ўскладняе ўзбуджэнне справы.

Затое практыкуюць беларускія суды закрытыя працэсы ў палітычных справах. Чарговым з іх можа стаць паседжанне над фігурантамі «справы Сяргея Ціханоўскага». Гэта Мікалай Статкевіч, Ігар Лосік, Сяргей Ціханоўскі, Арцём Сакаў, Дзмітрый Папоў і Уладзімір Цыгановіч. Што іх могуць судзіць проста ў СІЗА Гомля, напярэдадні паведамілі крыніцы выдання «Наша ніва». Што праўда, сваякі палітычных вязняў афіцыйнага пацверджання гэтай інфармацыі пакуль не маюць.

Дзіяна Раткевіч, «Белсат»