Падбіраць ці не выкінутых з гнязда злёткаў


Пад буслянкай адной з вясковых школаў вучні і настаўнікі знайшлі птушаня. Яго, як найбольш слабога, імаверна выкінулі з гнязда бацькі-буслы, бо не маглі выкарміць усяго прыплоду.

Пра гэты выпадак паведамілі Алене, настаўніцы біялогіі. Кабета на той момант была ў ад’ездзе ды не спадзявалася, што бусляня дажыве да ейнага вяртання.

«Падыходжу, а ў скрынцы жывая птушка, кволы і відавочна, што слабы. І мне балюча бачыць такіх птушак», – узгадвае Алена.

Алена прыняла няпросты этычны выбар, узяўшы адказнасць за птушаня. Каб усё правільна зрабіць, дзяўчына звярнулася па кансультацыю ў Цэнтр дапамогі дзікім жывёлінам «Сірын» і да аматараў назіраць за птушкамі.

«Мне давялося закрыць ад коткі птушку, мне давялося дастаць курачку з лядоўні, я змагла пакарміць, бо ён зацікавіўся ежай. І кожныя 1,5 гадзіны я налівала гарачую ваду ў бутэлькі, падкладала яму, ён прыціскаўся да яе, пасля кожнага кармлення засынаў», – тлумачыць Алена.

Пазней пад кваліфікаваны нагляд бусляня забраў «Сірын», але, вядома, усіх птушанятаў установа прыняць не можа. Каб узяць гадаванца на сябе, варта добра ўзважыць усе акалічнасці, адзначае рэгіянальная прыродаахоўчая каардынатарка грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Наста Кузьмянкова:

«Тут такі момант: ты забраў і ты будзеш да гэтага бусляня прывязаны не тыдзень і не два, а гэта будзе гадаванец на працяглы час, яго трэба будзе карміць і ўвязаць са сваім працоўным графікам і сваім жыццём».

Цяпер у парках і скверах можна сустрэць шмат злёткаў – птушак-падлеткаў, якія вучацца лётаць. Гэтак падчас адной з роварных прагулак Марыя раптам пабачыла пад коламі свайго веласіпеда незвычайны, як спачатку падалося, каменьчык, які аказаўся птушанём.

«Спынілася паглядзець, падумала – памерлае птушаня, можа хоць прыбраць з дарогі. Падыходжу, а ён адкрывае дзюбку. Бядак прамок, яшчэ я падумала, што ён зусім маленькі, пасля выявілася, што гэта злётак. І я падумала: трэба яго ратаваць», – распавядае Марыя, якая знайшла злётка зелянушкі.

Удома птушаня накармілі матылём і абагрэлі. Як толькі ён ачуняў і зрабіўся актыўным, Марыя занесла яго на тое ж месца, адкуль забрала. Злётка знайшлі дарослыя птушкі і ўзялі яго пад сваю апеку. Умешвацца ў лёс птушак, аднак, варта не заўжды, кажа Наста Кузьмянкова.

«Часта людзі называюць такія прычыны, што я пачаў ратаваць, бо там побач кот, ён яго з’есць. У такім выпадку трэба дзейнічаць па сітуацыі. Калі побач кусцік – бярэм нясем яго ў кусцік ці дрэўца невялікае або адганяем ката. Як правіла, праз тыдзень-паўтара злётак ператвараецца ў дарослую птушку, можа злятаць, хавацца ад драпежнікаў, ратаваць сябе самастойна», – падкрэслівае Наста Кузьмянкова.

Калі ўсё ж на эмоцыях вы забралі злётка дадому, варта найхутчэй вярнуць яго да бацькоў. У хатніх умовах і без досведу даглядаць птушаняты гінуць. У жаданні дапамагчы дзікім жывёлінам і птушкам найлепей падтрымаць прыродаахоўчыя арганізацыі.

Марыля Дакуцька, «Белсат»