На саміце NATO абмеркавалі незалежнасць Беларусі


Сітуацыя ў Беларусі, у тым ліку акт «паветранага пірацтва» з рэйсам «Ryanair», стала адной з галоўных тэмаў сённяшняга саміту NATO.

Кіраўнікі дзяржаваў альянсу абмеркавалі таксама і пагрозу паглынання Беларусі Расеяй. Тым часам вайскоўцы і чыноўнікі, верныя Аляксандру Лукашэнку, атрымліваюць новыя загады рыхтавацца да вайны – але не за незалежнасць ад Масквы.

Паўночна-атлантычны Альянс будзе ўзмацняць калектыўную абарону і нарошчваць сілы – такі галоўны вынік саміту ў штаб-кватэры NATO у Бруселі. Кіраўнікі дзяржаваў альянсу – сярод іх упершыню прэзідэнт Джо Байдэн – сабраліся, каб выпрацаваць агульную пазіцыю адносна Кітаю, абмеркаваць супольны адказ на расейскія хакерскія атакі і дапамогу саюзнікам.

«Мы таксама абмяркуем пагрозы, падобныя на тую, што мы бачылі ў Беларусі, дзе правы чалавека папросту растаптаныя», – заявіла перад самітам канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель.

«Мы бачым дадатковыя пагрозы з Усходу, звязаныя з агрэсіўнымі паводзінамі Расеі і – у гэты момант – Беларусі. Вось чаму мы абмяркоўваем узмацненне калектыўнай абароны і захадаў стрымання», – патлумачыў прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа.

Палітычны і гуманітарны крызіс у Беларусі найбольш хвалюе нашых суседзяў.

«Беларусь таксама становіцца праблемаю, бо мы бачым, што там адбываецца. Нелегітымны рэжым становіцца адчайным і гатовым нават пагражаць жыццю грамадзянаў, захопліваючы самалёт. Так што вельмі важна, што мы бачым спробы Расеі паглынуць Беларусь, зрабіць яе платформаю для далейшых дзеянняў Расеі, бо Беларусь траціць апошнія элементы незалежнасці», – перакананы Гітанас Наўседа.

Пагроза незалежнасці Беларусі цалкам рэальная, мяркуе палітолаг Павел Усаў:

«Ва ўмовах ізаляцыі знешнепалітычнай, ва ўмовах палітычнага крызісу Расея мае ўсе магчымасці і механізмы, каб цалкам падарваць незалежнасць і інстытуцыянальны суверэнітэт Беларусі, стварыць з яе інтэгральную частку»Саюзнай дзяржавы, «дзе ўся ўнутраная і знешняя палітыка будзе падпарадкаваная расейскім інтарэсам».

Тым часам у Беларусі Аляксандр Лукашэнка загадаў лакалізаваць вытворчасць ракет, наладзіць выпуск беларускіх аўтаматаў і пісталетаў ды боепрыпасаў для іх, пашырыць сярод насельніцтва першасную баявую падрыхтоўку, каб страляць умелі не толькі прызваныя ў войска. Бо міру і стабільнасці ў Беларусі пагражаюць вонкавыя сілы. Раней Лукашэнка не раз казаў, што ля межаў лязгаюць гусеніцамі натаўскія танкі.

«Хто гарантуе, што мы не будзем ваяваць? Ніхто не можа гарантаваць. Мір адурэў зусім. Вайна можа ўспыхнуць у любы момант у любой кропцы, не дай бог у нас», – даваў устаноўку падначаленым Лукашэнка.

Рыторыка асаджанай крэпасці, пастаянная мілітарызацыя і надзвычайшчына карысная для дыктатуры Лукашэнкі, бо мабілізуе ягоных прыхільнікаў і апраўдвае рэпрэсіі супраць дэмакратычных сілаў, падкрэслівае палітолаг Павел Усаў. Бо ў Беларусі і так фактычна ваеннае становішча – з моманту прэзідэнцкіх выбараў.

«Чым больш раскол і напружанасць між рознымі палітычнымі групамі, тым прасцей кіраваць і маніпуляваць у такіх умовах», – тлумачыць палітолаг.

Пры гэтым ваенна-палітычнае зрошчванне з Расеяй у гэтых умовах непазбежнае.

Яраслаў Сцешык, «Белсат».