Паліўны крызіс ва Украіне


Ва Украіне ўжо некалькі тыдняў назіраецца паліўны крызіс. Праблема не толькі ў высокіх цэнах, але і ў дэфіцыце паліва на аўтазаправачных станцыях. Паводле прагнозаў экспертаў, бензінавы калапс можа зацягнуцца да канца лета, а можа – і даўжэй. У Офісе ўкраінскага прэзідэнта запэўніваюць, што сітуацыя паступова паляпшаецца.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Пакуль жа заправіцца звыклым дзевяноста пятым – практычна немагчыма. Буйныя сеткі АЗС або абслугоўвалі па талонах, або зусім не працавалі. Прычына – ракетныя ўдары расейскіх вайскоўцаў па нафтавых аб’ектах Украіны.

Расціслаў Шурма, намеснік кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны, патлумачыў:

«Вораг спрабуе зрабіць так, каб было балюча кожнаму грамадзяніну Украіны. Быў разбомблены самы вялікі вытворца нафтапрадуктаў, разбомбленыя дзясяткі нафтабазаў».

Сярод гэтых аб’ектаў і Адэскі нафтаперапрацоўчы завод. Сітуацыя пагаршаецца яшчэ і тым, што расейскія войскі блакуюць Чорнае мора, якое было адным з галоўных каналаў пастаўкі дызелю і бензіну. Аднак, на думку эканаміста Эдуарда Каражыі, пакуль зачынены Адэскі порт, Украіна магла б развязаць пытанне з дапамогаю суседняй Малдовы. Ён нагадаў, што ёсць порт Джурджулешты, да яго літаральна рукою падаць. І якраз ягоная спецыялізацыя – гэта нафтапрадукты. Гэта значыць, маглі бы па Дунаі заходзіць тыя ж танкеры па зоне, якая дае доступ.

А тым часам адэскія заправачныя станцыі стаяць пустыя. Некаторыя зачыненыя, а тыя, якія працуюць, абслугоўваюць толькі па талонах – калі, вядома, бензін ёсць у наяўнасці. Дэфіцытная сітуацыя і з дызелем. Пасля таго, як Украіна адмовілася ад імпарту з Беларусі, дызельным палівам забяспечваюць краіны Балтыі ды Захад. Але не ў дастатковым аб’ёме.

Не змяншаецца і ажыятаж. Адзін з работнікаў бензастанцыі кажа: былі такія дні, калі працавалі з раніцы да вечара зусім без адпачынку, проста ў рэжыме нон-стоп, – узгадвае памочнік аператара АЗС Уладзімір Панамароў. То бок, супрацоўнікі нават паесці не маглі, ды проста выйсці папаліць. Моцна павышаны ажыятаж. І, нібыта, паліва едзе, і з ім няма такіх асаблівых праблем з пастаўкамі. Але ёсць павышаны попыт.

Да вайны сярэдняя цана на бензін была каля долару. Цяпер літр бензіну каштуе долар 35 цэнтаў. Існуе і ліміт – не больш за 20 літраў на чалавека. На некаторых запраўках – наагул да 10. Але знаходзяцца і тыя, хто спрабуе нажыцца на астатніх. Пра такія выпадкі нам распавёў кіроўца Аляксандр. Ёсць, паводле ягоных словаў, хлопцы, якія купілі паліва па адной цане, а прадаюць – ужо ўдвая даражэй. Ну, гэта бізнес. На жаль, менталітэт такі ў людзей. Нічога не зробіш.

Маршрутнае таксі ў Адэсе працуе на страту. Зараз тарыф складае 10 грыўняў, а мусіць быць – улічваючы сітуацыю з палівам – як меней 20, сцвярджаюць кіроўцы. Увогуле з пачаткам вайны пасажырапаток у адэскіх маршрутках істотна знізіўся. А вось цана на дызель, якім запраўляюць транспарт, паднялася да пяцідзесяці грыўняў, а гэта крыху амаль два долары. Да таго ж, знайсці дызельнае паліва на адэскіх заправачных станцыях не так і проста. Даводзіцца шукаць у аддаленых раёнах гораду, а запасы заканчваюцца.

Кіроўца маршруткі Вячаслаў наракае:

«Вось яшчэ на адзін кружок засталося. Пасёлак пусты, усюды пуста. Па 50, гэта ўжо ведаеце…я не ведаю, як мы выжываем. Гэта дабрачыннасцю завецца. І ўсё. Ні больш, ні менш. Калі больш за 50 пераваліць, то няма сэнсу выязджаць проста».

Адэскія аўтамагістралі прыкметна апусцелі. Нават у цэнтральнай частцы гораду трафік нашмат меншы, чым да вайны. Хтосьці папросту з’ехаў з Адэсы, але ёсць і кіроўцы, якія мусілі загнаць аўтамабіль у гараж і карыстацца грамадскім транспартам. Адзін з іх, Валянцін, адмовіўся ад асабістага транспарту таму, што праезд на працу і дадому вымагае зараз штось 150 грыўняў. Але для ягонага бюджэту ва ўмовах вайны гэта непасільна.

На гэтым тыдні прыйшоў абнадзейлівы мэсідж. Са словаў Расціслава Шурмы, аб’ёмы імпарту нафтапрадуктаў ва Украіну фактычна адпавядаюць тэмпам штодзённага спажывання бензіну і дызеля на запраўках. Сітуацыя, запэўнівае намесніка кіраўніка офісу прэзідэнта, будзе паляпшацца…

Яўген Салтан, «Белсат», Адэса, Украіна