Філосаф Уладзімір Мацкевіч адзначыў за кратамі дзень народзінаў

Сёння дзень народзінаў беларускага філосафа, метадолага, грамадскага дзеяча і нашага калегі Уладзіміра Мацкевіча. Яму споўнілася 66 гадоў. Гэты дзень ён адзначае за кратамі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У якасці падарунка паплечнікі апублікавалі ў сеціве новую кнігу філосафа – «Свабода і мысленне. Эсэ пра грамадзянскую супольнасць». Яны сцвярджаюць, што кніга дае падказкі, што рабіць беларусам у цяперашнія змрочныя часы.

Першы дзень народзінаў у турме і ўжо другая за гэты перыяд онлайн-кніга. У сваіх эсэ Уладзімір Мацкевіч даказвае: грамадзянская супольнасць у Беларусі існуе, і яна можа ўплываць на краіну. У Варшаве ў межах кампаніі #філосаф_у_турме прайшла прэзентацыя кнігі «Свабода і мысленне. Эсэ пра грамадзянскую супольнасць».

У тэкстах Уладзіміра Мацкевіча – падказкі беларусам, што рабіць у цяперашнія змрочныя часы.

«Адзінства ў духу, адзінства ў мысленні, адзінства ў разуменні, што такое Беларусь, што гэта наша агульная краіна і мы яе павінны ствараць. У гэтым ёсць тое, з чаго мы павінны пачынаць, мы павінны пачынаць з сябе, з асабістага самавызначэння», – кажа метадолаг, экспертка ў галіне адукацыі Святлана Мацкевіч.

«У філасофіі Мацкевіча, ягонага жыцця вялікую ролю грае прынцып самавызначэння. Людзі мусяць самі вызначацца, што яны робяць, самі ставіць мэты, самі імкнуцца да іх дасягнення, яны ў гэтым свабодныя, і ў гэтым ёсць праяўленне гэтай свабоды», – адзначыў аналітык Цэнтру Еўрапейскай Трансфармацыі Андрэй Ягораў.

Праяўленнем свабоды для філосафа сталася леташняе рашэнне вярнуцца ў Беларусь пасля адпачынку ў Грузіі. Ён усведамляў, што гэта можа каштаваць яму асабістай свабоды. У апошнім інтэрв’ю напярэдадні арышту сваё рашэнне Мацкевіч тлумачыў так:

«Я заўсёды шукаў такія рэчы ў свеце, якія даражэйшыя, больш важкія, чым індывідуальнае жыццё, індывідуальная бяспека, індывідуальны камфорт. 1305 Радзіма, нацыя, для кагосьці мова ў першую чаргу асацыююцца. Усё ж такі ёсць такія рэчы, якія больш каштоўныя за жыццё чалавечае».

Мацкевіча кінулі за краты летась 4 жніўня. Праваабаронцы прызналі яго палітзняволеным. Праз паўгода філосаф абвесціў галадоўку, патрабуючы выставіць абвінавачанне і перадаць справу ў суд.

«Калі рэжым з гэтым апаратам АМАПу, ГУБАЗіКу, страшэнным апаратам рэпрэсіяў баіцца філосафаў і мысляроў, такіх як Уладзімір Мацкевіч, то насамрэч гэты рэжым вельмі слабы, ён не адчувае сябе ўпэўнена. Таму што навошта, будучы такім моцным, браць у палон думку, мысленне?» – кажа намеснік дырэктара «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі.

На гэтым тыдні, больш як праз 9 месяцаў ад затрымання Уладзіміра Мацкевіча, пракуратура Менску нарэшце перадала ягоную крымінальную справу ў Менскі гарадскі суд. Вінавацяць Мацкевіча ў дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак, ды стварэнні і кіраванні экстрэмісцкім фармаваннем.

«Стан нармальны, ён гатовы да суда. Ён гатовы да дыскусіі, гатовы да таго, каб гэты суд стаў кропкай зваротнага адліку, спынення тэрору і вызвалення ўсіх палітзняволеных», – паведаміла Святлана Мацкевіч.

Арганізатары кампаніі #філосаф_у_турме заклікаюць далучыцца да флэшмобу – раздрукаваць фігурку, здымак альбо цытату Уладзіміра Мацкевіча, размясціць іх у асяродку, што спрыяе мысленню, а фотаздымак апублікаваць у сацсетках пад гэштэгам #день_рождения_мацкевича.

Ігар Станкевіч, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама