Пачалі судзіць студэнтаў, вынеслі прысуд за намаляваныя сэрцайка і знак «вікторыя» на трансфарматарнай будцы


Вярхоўны суд пасля перапынку ўзнавіў разгляд крымінальнай справы «Белгазпрамбанку». На лаве падсудных – былы кандыдат на прэзідэнцтва Віктар Бабарыка і топ-менеджары банку. У сталіцы пачалі судзіць студэнтаў, якія ўжо паўгода перабываюць у СІЗА. Вынеслі прысуд менчукам за намаляваныя сэрцайка і знак «вікторыя» на трансфарматарнай будцы.

З раніцы ля будынку суда Кастрычніцкага раёну сталіцы – шматлюдна. Больш за сотню беларусаў прыйшлі на паседжанне ў «справе студэнтаў», каб выказаць сваё падтрыманне. Фігурантаў вінавацяць у тым, што ў дні народнага ўльтыматуму Святланы Ціханоўскай яны нібыта каардынавалі пратэсты на месцах, заклікалі да ўдзелу ў іх, вялі тэматычныя тэлеграм-каналы, паведамлялі пра перасоўванне працаўнікоў органаў унутраных справаў.

«У нас парушаецца тут свабода сумлення, свабода выказванняў. У кожнага чалавека ёсць сваё меркаванне, пазіцыя. Кожны ў праве вызначаць, у што верыць, што думаць», – кажа Раман, які прыйшоў падтрымаць студэнтаў.

«Па-мойму, у нашай краіне, гэта самыя перадавыя людзі. Гэтая моладзь – самыя выдатныя дзеці», – упэўненая Валянціна, якая прыйшла падтрымаць студэнтаў.

На лаве падсудных – 12 асобаў. Гэта працаўніца БДУІРу, выпускніца медычнага ўніверсітэту і студэнты іншых універсітэтаў. Разглядае справу суддзя Марына Фёдарава. У судовую залу пусцілі толькі бацькоў фігурантаў і дзяржаўныя медыі. Тым часам вакол будынку патруляваў і разганяў людзей АМАП. Менская міліцыя паведамляе пра затрыманне 14 чалавек.

«Проста цяпер затрымалі і павезлі ў нейкім аўтамабілі з танаванымі вокнамі дзяцей, якія быццам перайшлі дарогу па дыяганалі. Проста падышлі і затрымалі», – сведчыць Вікторыя, якая прыйшла падтрымаць студэнтаў.

Намаляваныя сэрцайка і знак «вікторыя» на бруднай сцяне трансфарматарнае будкі сталіся нагодаю абвінаваціць паводле крымінальнага артыкулу Дзіяну Казак і Змітра Таратуна. У судзе Партызанскага раёну Менску суддзя Наталля Дзядкова палічыла іхную віну ў «зламысным хуліганстве» даказанаю і асудзіла Змітра на 3 гады «хіміі», а Дзіяну – на 1,5 года «хатняе хіміі».

«Абскарджваць адназначна варта. Гэта дасць нейкі час: пажыць нармальным жыццём, падрыхтавацца да свайго пакарання, паспець зрабіць нейкія справы», – упэўненая Дзіяна.

«Я веру, што будзе змененая сітуацыя. Я ў гэта веру», – кажа Зміцер.

У Берасці паводле гэтак званай карагоднай справы суддзя Сяргей Маручак судзіць чарговых 12 асобаў. Самы вядомы ў гэтым тузіне – пчаляр і паэт Мікола Папека:

«Гэтая справа адкідвае юрыспрудэнцыю на 500 гадоў назад, у сярэднявечча. Таму што гэта не што іншае, як «паляванне на ведзьмаў»: дзесьці там ловяць фрагмент чалавека, адну трэцюю, адну чацвертую анфас – і за гэта яму дадуць паўтара-два гады».

У «карагоднай справе» праходзяць таксама муж і жонка Андрэй і Паліна Ляшко. Яны гадуюць дваіх дзяцей і чакаюць трэцяга.

«Нас проста па фотаздымку да агульнай кучы. Я так разумею, «паказальнае пакаранне», каб іншым было непанадна», – кажа Андрэй.

Вярхоўны суд Беларусі адхіліў апеляцыю ў справе застрэленага вайскоўцам Генадзя Шутава. Забіты і сведка забойства Аляксандр Кардзюкоў – засталіся вінаватымі. Канфлікт трапіў на некалькі вулічных камераў назірання. На запісах відаць, што, насуперак афіцыйнае версіі, Генадзь і Аляксандр не нападалі на вайскоўцаў і не мелі ў руках арматуры ці металёвых трубаў.

«Доказаў у гэтай справе сапраўды няма. Ёсць толькі здагадкі, заснаваныя на словах гэтак званых пацярпелых. Пацярпелых, якія самі забілі чалавека», – абураецца сястра асуджанага Аляксандра Кардзюкова Марына Парычук.

Сённяшнюю апеляцыйную скаргу праваабаронца Раман Кісляк называе «фармальнасцю, якую трэба выканаць»:

«Вайскоўцы не павінны прыцягвацца да гэткіх аперацыяў. Вайскоўцы не навучаныя дзеяць не летальна. Вось мы бачым вынік, калі ўзаемадзеянне простых людзей прывяло да таго, што цывільны, Генадзь Шутаў, загінуў».

У судзе Маскоўскага раёну сталіцы суддзя Святлана Бандарэнка працягвае разглядаць крымінальную справу ў дачыненні братоў Тамаза і Цімура Піпія, Віталя Шышлова і Дзяніса Болтуця. Паводле абвінавачвання, усе чацвёра ўзялі ўдзел у масавых беспарадках летась дзясятага жніўня ў раёне станцыі метро «Пушкінская». Паседжанне перанеслі на 21 траўня.

Каця Малей, «Белсат»