Хто страляе па расейскіх паселішчах?


«Абстрэльваюць самі сябе, а вінавацяць украінцаў»… Гэтак Цэнтр супрацьдзеяння дэзынфармацыі адказаў на абвінавачанні Расеі пра атакаваныя нібыта ўкраінскім войскам расейскія паселішчы ў Бранскай і Белгарадскай вобласцях. Украіна ў сваю чаргу заяўляе пра новыя факты марадзёрства з боку расейцаў на сваёй тэрыторыі і намер Расеі русіфікаваць прымусова вывезеных з Данбасу ўкраінскіх дзяцей. Ацалелыя з Бучы тым часам працягваюць пошук загінулых блізкіх.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Ад самай раніцы пад дзвярамі муніцыпалітэту ў Бучы стаіць чарга. Людзі шукаюць сваякоў, хутчэй за ўсё загінулых пад час страшэннага акту вынішчэння расейскім войскам мірнага насельніцтва.

Каму пашчасціла, апазналі целы з брацкіх магіл і могуць іх годна пахаваць. Тут жа – рэгіструюцца на дапамогу.

Прадстаўніца Чырвонага крыжа кажа:

«Сёння першы дзень рэгістрацыі, якая будзе доўжыцца да 20-га красавіка. Людзі, якія зарэгістраваліся, атрымаюць перавод на картку ці праз банк».

Гуманітарны крызіс ва Украіне ўзмацняецца, таму пра такую падтрымку мараць мільёны… У акупаваным Мелітопалі расейскія марадзёры вынеслі з аддзялення «Укрпошты» грошы, вылучаныя на пенсіі і сацыяльныя выплаты…

Уладзімір Зяленскі ў начным пасланні адзначаў:

«Расейскія войскі працуюць на ўсходнім і паўднёвым напрамках, намагаюцца адыграцца за свае паражэнні. Працягваюць ракетна-бомбавыя і артылерыйскія ўдары, заводзяць новыя калоны тэхнікі».

…Вялікую частку – згубілі. За 49 дзён вайны расейскія войскі страцілі 753 танкі, 160 самалётаў, 144 верталёты, каля 20 тысяч жаўнераў – паведамляе Генштаб ЗСУ. Гэтыя лічбы дасяжныя і расейскаму чытачу.

Каб узняць ваенны дух, акупанты пачалі скіроўваць зброю супраць уласных грамадзянаў. Кіеў здымае з сябе адказнасць за нібыта ўкраінскія авіяўдары па паселішчы Клімава Бранскай вобласці з двух баявых верталётаў, у выніку якіх загінулі 7 асобаў.

«Іхнае мірнае насельніцтва ніякай каштоўнасці не ўяўляе для іх. Для іх ёсць мэта. Мэта – запалохаць насельніцтва, арганізаваць мабілізацыю і паспрабаваць сагнаць чарговую колькасць гарматнага мяса на барацьбу супраць Украіны», – кажа Віктар Ягун – генерал-маёр запасу ЗСУ.

Бранская вобласць мяжуе з беларускімі Гомельскаю і Магілёўскаю вобласцямі. Але расейскі бок заявіў таксама, што абстраляныя паселішчы Спадарушына і Жураўлёўка Белгарадскай вобласці.

«Расейская Федэрацыя рыхтуе правакацыі ў прыпамежных вобласцях, пра што нам было вядома яшчэ тыдзень таму. Мы адразу папярэдзілі ў тым ліку і мірнае насельніцтва Расеі пра тое, што рыхтуйцеся. Гэта кліка, якая не мае ні гонару, ні сумлення», – перкананы Віктар Ягун.

Улады Украіны намагаюцца абменьваць палонных ворагаў на сваіх грамадзян. Сёння дамоў вяртаюцца 30 асобаў, сярод якіх 8 – цывільныя. Абмяняць Уладзімір Зяленскі прапаноўвае і дэпутата Вярхоўнай Рады Віктара Медведчука – кума Уладзіміра Пуціна.

Той затрыманы. Маёмасць Медведчука і ягонай жонкі Аксаны Марчанкі – арыштаваная сёння рашэннем суда ў Львове.

Гэта 32 кватэры, 30 зямельных участкаў, 26 аўтамабіляў, 23 дамы, 17 паркавальных месцаў і прасторная яхта – асноўная частка гэтай маёмасці. Уцячы з краіны Медведчуку не ўдалося.

Прадстаўнік аднаго з памежных атрадаў адзначае асобаў, якія ў краіну вяртаюцца.

Сяргей Броўка, прэс-сакратар Чарнавіцкага памежнага атраду:

«Вялікая колькасць людзей, якія жылі ў іншых краінах, пасля мабілізацыі ўсё ж вярнуліся ва Украіну, каб далучыцца да нашых вайскоўцаў».

Мінабароны Украіны заявіла, што Расея цяпер канцэнтруе войскі ўздоўж расейска-ўкраінскай мяжы, у самаабвешчаным Прыднястроўі і на паўднёва-ўсходняй мяжы Беларусі.

На гэтых кадрах украінскія вайскоўцы інспектуюць адваяваны ўчора ўчастак на ўкраінска-беларускай мяжы – папраўляюць слупы на кантрольна-прапускным пункце.

Беларускі рэжым, падобна расейскаму, трымае інфармацыйны курс на тое, што агрэсарам з’яўляецца Украінскі бок. Дзяржсакратар Савету бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч заявіў:

«Нельга выключаць, што абстаноўка на Ровенскім кірунку можа быць выкарыстаная з падачы так званых заходніх партнёраў для рэалізацыі розных, у тым ліку ўзброеных, правакацыяў ужо на нашым памежжы з мэтаю ўцягвання Беларусі ў канфлікт».

Украіна прадбачыць, што ў другую фазу вайны Беларусь будзе ўцягнутая расейскім бокам.

Юлія Цяльпук, «Белсат»