Схаваць паскарэнне інфляцыі не атрымліваецца


Нацыянальны банк падвысіў стаўку рэфінансавання – гэта адсотак, прапісаны ў кожным крэдыце на кватэру ці грашовым дэпазіце, нават у прыватных банках Беларусі. Наколькі сітуацыя адаб‘ецца на нас, грамадзянах, высвятляла Анастасія Русецкая.

Упершыню за шэсць гадоў у Беларусі павысілі стаўку рэфінансавання. Праз тыдзень яна складзе 8,5 % гадавых.

На думку адмыслоўцы – гэта сімвалічны крок, які сігналізуе, што Нацыянальны банк заўважыў інфляцыю.

«Праблема ў тым, што сёння стаўка рэфінансавання не працуе так, як павінна працаваць. Звычайна Нацбанк пад гэтую стаўку выдае крэдыты камерцыйным банкам. У нас сёння выдача гэтых крэдытаў прыпыненая. Яна была прыпыненая яшчэ ў жніўні 2020 года, і з таго часу сітуацыя не змянілася. І не зразумела, ці зменіцца бліжэйшым часам», – падкрэслівае акадэмічная дырэктарка BEROC Кацярына Барнукова.

Павышэнне стаўкі рэфінансавання Нацыянальны банк тлумачыць паскарэннем інфляцыі ў краіне. Напрыканцы 2020-га беларускі рубель аслабеў, выраслі кошты.

«У пачатку 2021 года інфляцыя працягнула паскарацца пад уплывам павышэння сусветных цэнаў на харчы ды імпартаваныя нехарчовыя тавары, кошт якіх для спажыўца павялічыўся з-за росту лагістычных выдаткаў і перабояў з пастаўкамі з прычыны пандэміі», – паведамляе Нацбанк.

Якія наступствы падвышэння стаўкі рэфінансавання? Крэдыты, прывязаныя да яе, стануць даражэйшыя і для спажыўцоў, і для прадпрыемстваў.

А вось адсоткаў для ўкладаў, на думку адмыслоўцы, сітуацыя, хутчэй за ўсё, не закране.

«Стаўкі па ўкладах, мы бачылі, даўно вышэйшыя, чым стаўка рэфінансавання. Гэта нармальна. Гэта адлюстроўвае і інфляцыйныя чаканні і той факт, што дэпазіты сталі менш прывабныя для людзей у нейкі момант – з-за страты даверу. Таму я не думаю, што гэты крок моцна адаб’ецца на стаўках па дэпазітах сёння», – мяркуе Кацярына Барнукова.

На рэкордна нізкім узроўні – 7,75 % гадавых – стаўка рэфінансавання трымалася з ліпеня мінулага года. Спрыялі гэтаму некалькі гадоў нізкай інфляцыі. У лютым інфляцыя разагналася амаль да дзевяці адсоткаў 8,7 % гадавых, а гэта значыць, стала большай за стаўку рэфінансавання. Людзі гэта заўважаюць.

Жыхары Менску кажуць:

«У мяне дачка працуе ў краме на касе: кажа, кожны дзень на капейку-дзве ўсё даражэе і даражэе. Таму добрага не чакаем».

«Цяжка сказаць, што будзе і як, але спадзяемся, што будзе стабільнасць. Будзем верыць у лепшае».

«Гледзячы па тым, як прыходзяць у заняпад прадпрыемствы, ніякай стабільнасці мы не чакаем».

«Мяркую, будзе крызіс у любым выпадку. Таму што ў нашай краіне ўсё толькі ўніз ідзе».

«Спадзяемся на лепшае – рыхтуемся да горшага».

На думку эканамістаў, пагроза таго, што да канца года краіну накрые крызіс, ёсць, але невялікая. Нягледзячы на велізарную закрэдытаванасць дзяржпрадпрыемстваў, Міністэрства фінансаў і Нацбанк змогуць утрымаць сітуацыю пад кантролем.

Аднак эканамічнага росту – у адрозненне ад краінаў, якія будуць бурліва аднаўляцца пасля крызісу, звязанага з ковідам, – у Беларусі чакаць не варта.

Анастасія Русецкая «Белсат»