Навошта Лукашэнка лятаў у Азербайджан да Ільхама Аліева


З самалёта адразу ў рэзідэнцыю. Не сваю – прэзідэнта Азербайджану Ільхама Аліева. Там 5 гадзін перамоваў, неафіцыйна.

Афіцыйна змест сустрэчы – праекты супрацы. Акрамя таго, што Лукашэнка з Аліевым, магчыма, калісьці плануюць абмеркаваць больш падрабязна імпарт вуглевадароднай сыравіны ў Беларусь, больш нічога не вядома. Пра гэта яны пагаварылі публічна.

Што па-за кадрам? Гэта замежная палітыка, лічыць Андрэй Казакевіч. Дакладней, гандлёвыя стасункі на сотні мільёнаў долараў агульнага таваразвароту.

«Для Беларусі Азербайджан цікавы для продажу сваіх тавараў. У прыватнасці, сельскай гаспадаркі, але таксама і зброя, і тэхніка. І таксама важны Азербайджан для Беларусі як адна з нешматлікіх магчымасцяў дыверсіфікаваць пастаўкі нафты», – кажа доктар палітычных навук Андрэй Казакевіч.

Як мяркуе Андрэй Казакевіч, гэта важны для Лукашэнка афіцыйны візіт. І ён першы за ўвесь час пасля выбараў, калі не лічыць Расею.

«Гэта адна з тых краінаў, якая ўваходзіць у розныя еўрапейскія структуры, агульнаеўрапейскія. У прыватнасці: Рада Еўропы, «Усходняе партнёрства», АБСЕ – на такіх пляцоўках ён проста падтрымлівае лінію афіцыйнага Менску», – мяркуе Казакевіч.

І Лукашэнка, і Аліеў лічацца аўтарытарнымі лідарамі. Яны падтрымліваць адзін аднаго шмат гадоў. У 2010-м годзе Азербайджан пазычаў Беларусі грошы на разлік з «Газпромам» – 200 мільёнаў долараў. Беларусь у канфлікце супраць Арменіі пастаўляла Азербайджану рэактыўныя сістэмы залпавага агню «Паланэз».

«Азербайджан зрабіў вялікі крок у дасягненні сваёй нацыянальнай мары. Я вельмі рады, што вы, як сапраўдны сябар беларускага народу, разумееце, што наперадзе вой колькі працы, цяжкай працы», – прызнаецца Аліеву Лукашэнка.

Гучыць, мякка кажучы, няёмка. Улічваючы, што Беларусь уваходзіць ў Арганізацыю Дамовы аб калектыўнай бяспецы ды застаецца ў вайсковым хаўрусе не з Азербайджанам, а з яго ворагам – Арменіяй.

Пра тое, што гэтым разам Лукашэнка шукае грошы, сведчыць ягоны невялікі спіс патэнцыйных крэдытораў.

Выкарыстаць іншыя інструменты фінансавання ён ужо ня можа – краіна на мяжы дэфолту, кажа наш эксперт.

«Я думаю, што ўвогуле грошай Азербайджан не дасць. Можа быць, прапануе нейкія схемы пастаўкі нафты. Але зноў, памятаем, у 2010-м годзе Беларусь праплаціла амаль мільярд долараў за тую нафту, якую магла б купляць з Расеі.

Вось такая была цана сваркі з Крамлём», – кажа эканаміст навукова-даследчага цэнтру Мізэса.

Цяпер палітыка Лукашэнка такая: хто колькі дасць, мяркуе Яраслаў Раманчук. Эксперт адзначае, што хутка афіцыйны Менск можа падрыхтаваць асобна для краінаў-партнёраў накшталт Расеі, Кітаю ці Індыі, пакеты акцыяў беларускіх прадпрыемстваў.

Надзея Бельская, «Белсат»