Гінуць і дрэнна дояцца. Беларускія каровы адстаюць ад суседніх


Жорсткія кадры загінулых цялятаў нам у рэдакцыю даслалі працаўнікі фермы ў Асаўцы. Паводле неафіцыйнай інфармацыі ад адной з працаўніц, за апошнія тры месяцы ў гаспадарцы памерлі каля 50-ці цялятаў і не менш за два дзясяткі кароў. Інфармацыю пра падзеж пацвярджае і жывёлавод Аляксандр Вечар.

– Бывае, здыхае адна, бывае, здыхаюць па тры. У асноўным здаюць такіх, якія не дохлыя, але і не жывыя. Выцягваем вяроўкай, пагрузчыкам пагрузілі і павезлі.

– Куды?

– Аляксандраўка або Касцюкі.

– Гэта мясакамбінаты?

– Ну так.

Часцей на ферме гінуць нованароджаныя цяляты і каровы, якія нядаўна ацяліліся. Каб схаваць трупы, на ферме ёсць асобнае памяшканне, куды не водзяць правяральнікаў. Магільнікі перапоўненыя.

«Кармоў хапае, толькі я не ведаю кансістэнцыі. Камбікорм ёсць, сілас, сянаж, сена падвозяць. А прычыны падзяжу я не ведаю», – кажа Аляксандр Вечар.

Ветэрынар Арцём Кірашоў, які лекуе сельскагаспадарчую жывёлу, нічога ўнікальнага ў падзяжы быдла не бачыць і кажа, што нават напоўненыя кормам сіласныя ямы – гэта не гарантыя здароўя жывёлы.

«Корм ёсць у наяўнасці, а пра якасць ніхто не кажа. Корм у нас не ўмеюць рыхтаваць наагул нідзе, ні разу нідзе не бачыў якасных добрых кармоў».

Пачаўся паморак жывёлы – і ў працаўнікоў пачаліся складанасці з заробкамі. Паводле Аляксандра Вечара, тры апошнія месяцы яго пазбаўлялі амаль паловы заробку пад рознымі падставамі. Мужчына лічыць, што так кампенсуюць эканамічныя праблемы на ферме і хаваюць падзеж.

Стан беларускай малочнай жывёлагадоўлі ветэрынар ацэньвае сухімі лічбамі. За 2020-ы год з 1434-ох тысячаў кароў надаілі каля 7503-ох тысячаў тон малака.

«Атрымліваецца, 14 літраў за дзень кожная карова дала малака. Рэнтабельнасць, каб працаваць у нуль, – трэба даіць хоць бы 15 літраў», – дзеліцца разлікамі Арцём Кірашоў.

Параўнайма лічбы надояў. Так, у аршанскай гаспадарцы «Ларынаўка», якая славіцца высокімі вынікамі, паводле нашых разлікаў, кожная карова за дзень дае каля 30-ці літраў малака. У суседняй Літве, якая адстае ў паказніках ад усёй Еўропы, сярэднестатыстычная карова дае каля 25-ці літраў малака.

Атрымліваецца, што беларускія каровы не толькі гінуць, але і дрэнна дояцца.

Пасля звароту да журналістаў Аляксандру Вечару патэлефанавала загадчыца фермы…

«Саша, непрыемнасцяў цябе… чакай… поўная дупа».

Праз некалькі гадзінаў пасля размовы з намі Аляксандра затрымалі на працоўным месцы. Яго няма ўдома больш за содні.

Алена Дубовік «Белсат»