Каханне ў няволі: як адзначаюць Дзень закаханых палітвязні?


1050 палітвязняў. Столькі на сёння ў Беларусі налічвае праваабарончы цэнтр «Вясна». Гэтых людзей напаткаў лёс разлучаных бацькоў і дзяцей, жонак і мужоў, каханых.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Асабліва балюча ад гэтага ў святы. Чарговае – Дзень святога Валянціна – адсвяткаваць разам між іншых не могуць Яна і Валерый Арабейкі. Кабету асудзілі ў справе студэнтаў.

Валерый Арабейка кажа: «Гэта наш другі Дзень закаханых, калі Яна сядзіць. На першы было прасцей. Я даслаў пасылкі. У перадачы ўсё было ў форме сэрца. Мармелад у форме сэрца».

Валерый і Яна пабраліся шлюбам сёлета 28 студзеня ў папраўчай калоніі. Валерый узнёсла распавядае пра гэтую падзею. На знак салідарнасці ён узяў сабе прозвішча жонкі:«І якая яна была шчаслівая! І што мы здолелі абняцца, патрымацца за рукі. Вось гэты фізічны кантакт, якога ў нас не было больш за год, атрымліваецца. І гэта вельмі важна насамрэч».

Малады чалавек падкрэслівае, што родным палітвязняў таксама вельмі важна берагчы сябе саміх. Захавацца псіхічна і фізічна здаровымі, развівацца прафесійна. Гэта будзе найлепшаю праяваю салідарнасці з блізкімі, якія за кратамі. Не здавацца, не кідаць жыццё на самацёк. І старацца заставацца нармальным чалавекам, нягледзячы на той боль і тыя цяжкасці, якія нам стварае беларуская дзяржава цяпер.

Яна мае выйсці на волю ўвесну 23-га года.

Іншыя закаханыя праходзяць праз разлуку эміграцыі. Гэтак, Юрый адбыў у Беларусі агулам 70 содняў арышту за ўдзел у мірнай акцыі пратэсту. Пасля яго зрабілі фігурантам крымінальнай справы за абразу Лукашэнкі. Юрый пакінуў Беларусь, тады пачалі ціснуць на ягоную жонку Анастасію. Праз амаль 3 месяцы разлукі сужэнству ўдалося ўз’яднацца ва Украіне. Сустрэча стала сапраўдным сюрпрызам для Юрыя.

Анастасія распавядае пра сустрэчу з Юрыем:

«Я падбегла, ён стаяў спінай, не чакаў, самае галоўнае, што яму ўсё спадабалася. Мы пачалі цаніць адзін аднаго больш. Больш паразумення, больш павагі, лішні раз не сварыцца і больш не губляць, не расставацца ні на хвіліну, ні на секунду»

Юрый і Анастасія разам больш за 14 гадоў. У іх двое дзяцей. Сітуацыя, кажа Юрый, дазволіла на шмат якія звыклыя рэчы паглядзець па-новаму. Каханне, гэта калі твая сямʼя ў бяспецы.

Ганна Канавалава выехала ў Польшчу і цяпер адна гадуе двух унукаў. Ейная дачка Антаніна і зяць Сяргей – ужо амаль два гады як палітзняволеныя ў Беларусі. Ганна распавядае, што сужэнцам не дазваляюць нават перапісвацца паміж сабою, і заклікае беларусаў падтрымліваць яе сямʼю лістамі.

Віншуюць сёння адзін аднаго ў лістах і думках Павел і Вольга Севярынцы, Ігар і Дарʼя Лосікі, Андрэй і Паўліна Скуркі, Мікола Статкевіч і Марына Адамовіч, Ігар Ільяш і Кацярына Андрэева, Святлана і Сяргей Ціханоўскія, сотні іншых людзей, у якіх рэжым крадзе цэлыя гады шчаслівага жыцця. Віншуюць і чакаюць узʼяднання.

Уладзімір Старыковіч, «Белсат»