Беларусь стане яшчэ бяднейшая


Сусветны банк падрыхтаваў сёлетні прагноз па сусветнай эканоміцы. І для нашай краіны гэтыя прагнозы выглядаюць, мякка кажучы, не вельмі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Вы толькі не здзіўляйцеся, але жыць мы, беларусы, будзем яшчэ горш, чым сёння. Сусветны банк апублікаваў сёлетні прагноз для глабальнай эканомікі. Агулам эканамічныя паказнікі пагоршацца па ўсім свеце, аднак за гэты год усе развітыя краіны дасягнуць поўнага аднаўлення вытворчасці. А вось краіны, якія развіваюцца, да даковіднага ўзроўню ў 2022-м не дацягнуць. У тым ліку і Беларусь. Да таго ж нашая краіна застанецца адзінай у рэгіёне, чыя эканоміка не толькі не будзе расці, але і наадварот, будзе падаць, да -2.8%.

«Да 2023 года мы пачнём выбірацца з яміны, аднак будзем рабіць гэта марудней за многія краіны ў рэгіёне (рост складзе 2,3 %). Пры гэтым рост не зможа нават перакрыць узровень падзення эканомікі ў папярэднім годзе. То бок агулам два наступныя гады мы будзем жыць “у мінус”», – тлумачаць аўтары Тelegram-канала «Нашы грошы».

Пры гэтым калі адною з галоўных праблемаў для іншых развіваных краінаў Сусветны банк акрэслівае цяжар набраных запазычанасцяў, то для Беларусі куды страшнейшая адсутнасць інвестыцыяў, падкрэслівае эканаміст Леў Марголін. І крытыкуе спробы айчынных прадпрыемстваў замяніць замежныя ўкладанні дзяржаўнымі крэдытамі.

«Калі гэтыя крэдыты бяруць беларускія прадпрыемствы, бяруць яны іх у беларускіх рублях і бяруць у дзяржавы, то адказнасці ніхто за гэта не нясе. Гэта не прыватнае прадпрыемства, дзе, скажам, чалавек дастае з кішэні грошы і ўкладае іх у бізнес», – кажа Марголін.

А гэткіх унутраных запазычанасцяў таксама робіцца ўсё больш. Асноўныя флагманы беларускай эканомікі зноўку абнавілі рэкорды ў запазычанасцях: на стан 1 снежня 2021-га запазычанасці буйных і сярэдніх кампаніяў Беларусі склалі 163 мільярды 600 мільёнаў рублёў. Зрэшты, тлумачыць эканаміст Аляксей Харкевіч, усе гэтыя мільярды – яшчэ не катастрофа. І калі б у нас эканоміка расла, то мы маглі б выплаціць усе запазычанасці.

«Мы не так ужо шмат і вінныя. То бок, у прынцыпе, мы можам усё гэта выплаціць, калі пойдзем шляхам Румыніі 1980-х гадоў, калі Чаўшэску сказаў: маўляў, мы мусім выплаціць усе запазычанасці, скароцім выдаткі, ахвяруем якасцю жыцця, але выплацім! І мы рэальна можам гэта зрабіць, але ж мы ведаем, чым гэта скончылася для Чаўшэску», – заўважае Харкевіч.

А таму застаецца куды бяспечнейшы шлях – працягнуць шукаць, у каго б яшчэ выклянчыць грошай. Выбар, што праўда, не надта вялікі: замест больш выгадных і танных заходніх крэдытаў застаецца надзея адно на Расею ды Кітай. Зрэшты, і на гэтым выпрабаванні для айчыннай эканомікі не канчаюцца.

«Акрамя таго, што няма замежных інвестыцыяў, другая прычына – безумоўна, вось гэтыя санкцыі, якія толькі-толькі ўступілі ў дзеянне. І мы кожны тыдзень, кожны месяц будзем бачыць іх наступствы – нават такія, якія мы сёння не можам прадказаць», – кажа эканаміст Леў Марголін.

І гэта яшчэ калі не згадваць шостага пакету санкцыяў, які ўжо напачатку вясны Еўразвяз рыхтуе ўвесці супраць рэжыму Лукашэнкі. Адкуль жа тут узяцца пазітыўнейшым прагнозам?

Валера Руселік, «Белсат»