135 гадоў таму нарадзіўся Якуб Колас


135 гадоў таму нарадзіўся Якуб Колас. Са школы мы ведаем яго як народнага паэта, літаратурнага класіка, вялікага песняра беларускага народу, а ягоныя вершаваныя радкі самі паўстаюць у памяці пры згадванні імя Коласа.

Паэта даўно няма, але ён працягвае ўплываць на жыццё сучаснікаў

Адмыслоўцы сцвярджаюць, што без Коласа Беларусь наўрад ці была б вядомая за сваймі межамі. Адзін з найвядомейшых ягоных твораў – »Сымон-музыка« – хутка загучыць па-расейску. У Санкт-Пецярбурзе калектыў перакладчыкаў падрыхтаваў выданне паэмы.

«Мы дакрануліся да цуду – моўнага і з гледзішча кампазіцыі. Гэта насамрэч адзін з важнейшых твораў славянскай літаратуры, не толькі беларускай», – упэўнены Сяргей Порахаў з саюзу пісьменнікаў Расеі.

Якуб Колас – адзін з паэтаў, які пацярпеў праз сваю беларускасць

Пазней ягоныя творы моцна цэнзураваліся. Унучка і даследчыца творчасці Коласа Марыя Міцкевіч знайшла выданні «Сымона-Музыкі», «Новай зямлі» ды іншых твораў, якія без цэнзуры былі выдадзеныя на Захадзе. З «Сымона-музыкі», напрыклад было выдалена 114 радкоў пра Бога, а таксама моцна папсаваны ўступ да трэцяй часткі паэмы.

А пакуль у чаканні нецэнзураванага выдання«Сымона-музыкі» мы можам атрымліваць асалоду ад невядомых дагэтуль радкоў, што гучаць з вуснаў нашчадкаў Коласа.

Таццяна Белашова, «Белсат»