Цукровая карупцыя ці спроба выканаць план?


Дырэктары ўсіх беларускіх цукровых камбінатаў сядзяць у следчым ізалятары – паведамілі айчынныя медыі са спасылкаю на інфармаваныя крыніцы. Неафіцыйна – гаворка пра следства аб рафінаванай карупцыі. Але ці насамрэч ёсць злоўжыванні, ці толькі спробы выканаць план?

Цукровая галіна абезгалоўленая. Паводле парталу Tut.by, у справе аб карупцыі затрымалі 11 чалавек. На запыты журналістаў прэс-служба КДБ адказвае каротка:

– Без каментароў на гэты момант.

– А калі гэтыя каментары могуць з’явіцца?

– Мне цяжка пра гэта гаварыць на цяперашні момант.

Затрыманыя дырэктары ўсіх айчынных цукровых заводаў – паведамілі адразу некалькі выданняў. Мікалая Прудніка і Міхаіла Крыштаповіча – кіраўнікоў камбінатаў у Гарадзеі ды Слуцку – сілавікі высадзілі з самалёта на Мюнхен. Не выходзяць на сувязь дырэктар заводу ў Жабінцы Віктар Міронаў ды шэф Скідзельскага камбінату Дзмітрый Ягораў. «Знік» і Дзмітрый Кірылаў – кіраўнік Беларускай цукровай кампаніі, якая экспартуе іхную прадукцыю ў Расею:

«Пытанні, верагодна, былі да рэалізацыі. Зразумела, што кампаніі мусілі рэалізоўваць сваю прадукцыю па нізкіх коштах. Аднак невядома, наколькі нізкія яны павінныя былі быць і ці не былі яны ніжэйшыя за прымальныя ўзамен за адкаты на адрас дырэктараў і Беларускай цукровай кампаніі», – мяркуе эканамічны аглядальнік «Белсату» Станіслаў Івашкевіч.

Цукар з Гарадзеі або Скідзелю ў нашых крамах каштуе не менш за паўтара рубля. А ў расейскіх крамах цукар, у тым ліку і беларускі, на 20–30 адсоткаў таннейшы. Чаму?

«Мы добрыя беларусы, талерантныя. Таму так і адбываецца!»

«Эканоміка розная ў нас і ў Расеі. І чыноўнікаў усіх трэба накарміць!»

«У Расеі ўсё беларускае таннейшае! Яны прымушаюць беларускія нашыя кампаніі так паступаць. Вядома, гэта крыўдна», – каментуюць жыхары Віцебску.

Даражэйшым цукар зрабіў наш урад. Ужо другі год запар ён усталёўвае мінімальную цану, каб не дапусціць на наш рынак расейскіх канкурэнтаў. У Расею ж нашыя цукровыя заводы экспартуюць ніжэй за сабекошт – каб увогуле нешта прадаць.

«Урадзілі цукровыя буракі і ў Расеі, і ў нас. За кошт таго, што вялікі ўраджай, расейскі цукар стаў удвая таннейшы. І гэта бяда, з якой канцэрны і кампанія-манапаліст не справіліся, пераклаўшы ўсе хібы ў кіраванні на плечы падаткаплатнікаў», – тлумачыць эканаміст Яраслаў Раманчук.

У 2018 годзе тры з чатырох цукровых заводаў працавалі са стратамі, нягледзячы на тое, што ўрад панізіў ім цану на газ і дапамог узяць крэдыты. Пасля таго, як дзяржпадтрыманне правальваецца, да дырэктараў прыходзяць следчыя.

«Тое, што мы назіраем цяпер, вельмі нагадвае разносы ў дрэваапрацоўцы пасля правалу мадэрнізацыі гэтай самай дрэваапрацоўкі. Вінаватымі былі прызначаныя некалькі дырэктараў, была такая ж карцінная разборка ў Барысаве», – зазначае Станіслаў Івашкевіч.

Стратнасць дзяржаўных заводаў – не віна дырэктараў, а віна планавай эканомікі, зазначае Станіслаў Івашкевіч. Арышт дырэктара «Барысаўдрэва» у 2014 годзе прадпрыемства з крызісу не вывеў. Лепшага выніку ад цукровай чысткі эксперт не чакае.

Аляксандр Папко belsat.eu