Вызваленне Польшчы ад камунізму

У Польшчы адзначыць гадавіну ўвядзення ваеннага становішча. 40 гадоў таму 13 снежня 1981 года краіну ахапіў змрок. Камуністычныя ўлады распачалі адкрытую вайну з польскім грамадствам, якое змагалася за ідэалы дэмакратыі і свабоды. Цяпер за гэтыя ж ідэалы змагаецца народ Беларусі. Ці здолеюць беларусы выкарыстаць досвед суседзяў?

Знічы ля мемарыяльнай табліцы ахвярам ваеннага становішча і памінальная служба. Па ўсёй Польшчы сёння прыгадваюць падзеі 40-гадовай даўніны.

Героі мусяць быць названыя героямі, а здраднікі – здраднікамі, заявіў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда. На ягоную думку, здраднікамі былі тыя, хто пераследаваў і судзіў палякаў падчас ваеннага становішча:

«Мусіць адысці спадчына тых брыдкіх, страшных часоў, зняволення і дэградацыі, знішчэння польскага грамадства. Калі з вялікім сорамам шмат людзей дэградавала, ідучы на супрацу са службамі бяспекі і камуністамі. Прыкра гэта! Але гэта нашая гісторыя, якую нельга замятаць пад дыван!»

Аб увядзенні ваеннага становішча ў ноч з 12 на 13 снежня 1981 года заявіў кіраўнік польскай кампартыі, генерал Войцех Ярузэльскі:

«Заяўляю, што сёння створаная Ваенная рада нацыянальнага выратавання. Дзяржаўная рада ў адпаведнасці з палажэннямі Канстытуцыі ўвяла ваеннае становішча на тэрыторыі ўсёй краіны».

Танкі на вуліцах, каменданцкая гадзіна, масавыя арышты і звальненні. Увядзенне ваеннага становішча Ярузэльскі патлумачыў дзеяннямі апазіцыйнага прафсаюзу «Салідарнасць» і пагрозаю ўварвання савецкіх войскаў. «Салідарнасць» – першы незалежны прафсаюз у камуністычнай краіне – палякам удалося зарэгістраваць у папярэднім годзе, пасля агульнанацыянальнай забастоўкі.
Спробы мірна дамовіцца з камуністычным урадам аб развязанні эканамічных праблемаў поспехам не ўвянчаліся.

Агнешку Рамашэўскую-Гузы, дырэктарку «Белсату», на пачатку 80-х арыштавалі на 5 месяцаў. Самы жорсткі перыяд вайсковага становішча яна параўноўвае з сітуацыяй у Беларусі:

«Цяпер у Беларусі гэтая сітуацыя пачатку ваеннага становішча працягваецца. Гэта цягнецца 1,5 года і ўвесь час пагаршаецца. Я б сказала, што сітуацыя ў Беларусі больш складаная, чым была тады ў Польшчы. Вельмі рэпрэсіўная».

Больш за 10 тысяч арыштаваных, прынамсі 40 забітых міліцыяй, тысячы ўцекачоў і поўнае паражэнне ў правах. Амаль гэтак сама, як цяпер у Беларусі.

«Ды ў Беларусі зараз не абвешчанае ваеннае становішча, не абвешчанае надзвычайнае становішча. Але сітуацыя з правамі чалавека цяпер у такім стане, як калі б было абвешчанае надзвычайнае становішча і былі б абмежаваныя гэтым актам дзеянне тых ці іншых правоў чалавека», – перакананы праваабаронца Павел Сапелка.

Цяпер у Беларусі больш за 900 палітвязняў, каля 10 забітых, звыш 35 тысячаў прайшлі праз затрыманні. І поўны прававы дэфолт. У адрозненне ад беларусаў, у палякаў не было спадзявання на хуткія перамены. Перамогу ў барацьбе за свабоду немагчыма запланаваць, але трэба працягваць змагацца, падкрэслівае Агнешка Рамашэўская-Гузы:

«Немагчыма запланаваць прыход свабоды. Для гэтага неабходная сталасць грамадства, даволі шмат людзей, якім гэта неабходна, і міжнародная кан’юнктура. Гэтая сітуацыя можа здарыцца ў любы момант. Але можа і не наступіць шмат гадоў».

Ваеннае становішча ў Польшчы доўжылася больш за паўтара года і было адмененае 23 ліпеня 1983-га. Камуністычны рэжым пратрымаўся яшчэ 8 гадоў і абваліўся, калі Савецкі Саюз пачаў развальвацца.

Антон Каменскі, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама