Літва можа ўвесці санкцыі супраць беларускага калію

Спыніць транзіт санкцыйных угнаенняў з Беларусі, Літва можа ўвесці нацыянальныя санкцыі супраць імпарту з Беларусі. Датычыць гэта прадукцыі, якая пастаўляецца наўпрост ці праз пасярэднікаў. Адпаведны законапраект падрыхтавала Міністэрства транспарту, кіраўнік якога падаў заяву на адстаўку праз санкцыйны скандал – следам за кіраўніком МЗС.

Стоп – транзіту калійных угнаенняў з Беларусі – дзее шэсць дзён. Але ланцугі зялёных вагонаў з лагатыпам «Беларуськалій» ідуць у порт Клайпеда і чакаюць на пагрузку… згодна з раней падпісанымі пагадненнямі.

Праз гэта міністры транспарту і замежных справаў Літвы падалі заявы на адстаўку. Габрыелюс Ландсбергіс распавёў, што ў павестцы сёння:

«Літва не ўводзіла санкцыяў сама, бо санкцыі ўводзіць Еўразвяз – праз Еўракамісію. Аднак Літва цяпер шукае выхад з гэтай праблемы і я перакананы, што знойдзе рашэнне». – перакананы Габрыелюс Ландсбергіс.

Міністэрства транспарту, якое адказвае за кантракты літоўскай чыгункі, прапанавала прыняць свой нацыянальны санкцыйны закон, што дазволіць Літве між іншага спыніць транзіт угнаенняў «Беларуськалію» праз яе тэрыторыю.

«Угоды, заключаныя да ўвядзення санкцыяў у Літве, маюць быць неадкладна скасаваныя ў аднабаковым парадку ці на згоду бакоў, або іх выкананне мае спыніцца на час дзеяння санкцыяў. Забараняецца заключэнне ўгодаў, рэалізацыя якіх супярэчыла б дзейным у Літве санкцыям», – напісана ў прыкладзеным да прапановы тлумачальным лісце.

Пакуль няма закону, чыгунка не можа перастаць транспартаваць «санкцыёнку», аплачаную «Беларуськаліем» у лістападзе. Літоўская чыгунка спрабавала вярнуць аванс праз Swedbank за дзень да ўступлення ў сілу санкцыяў ЗША ў адносінах да «Беларуськалію». Але расейскі карэспандэнт-банк ВТБ, які абслугоўвае прадпрыемства, адхіліў перавод.

Вагон кампаніі «Беларуськалій». Клайпеда, Літва. 11 жніўня 2021 года. Фота: Белсат

Прыхільніца санкцыяў Святлана Ціханоўская ўсклала адказнасць за сітуацыю на беларускі бок, які шукае магчымасцяў гандляваць далей:

«Але на жаль з-за таго, што пакінутыя «лазейкі», здараюцца моманты, калі гандаль не тое што працягваецца, ён магчыма нават расце, таму што ў рэжыму ёсць досвед. Я вельмі ўдзячная Літве за прынцыповую пазіцыю на конт рэжыму ў Беларусі», – падзякавала Ціханоўская.

Літва пакуль адзіная краіна, якая гэтак сур’ёзна ўспрыняла факт невыканання санкцыяў некаторымі асобнымі прадпрыемствамі ў розных краінах, як у Нарвегіі, Нямеччыне, Польшчы. Палітолаг Віціс Юрконіс дапускае, што на распрацоўку механізму супрацьдзеяння ўвозу санкцыйных тавараў з Беларусі Літве спатрэбілася б недзе паўгода.

«Самае галоўнае ў гэтай гісторыі, каб у выніку ўсе ведамствы і ўсе палітыкі ў выніку сказалі, што »так, нашая пазіцыя, прынятая год таму адносна беларускага рэжыму і падтрымкі беларускіх грамадзянаў не мяняецца».

У чэрвені адміністрацыя прэзідэнта Літвы старалася, каб беларускія ўгнаенні не трапілі ў спіс сектаральных санкцыяў – вынікае з апублікаваных парталам Delfi фрагментаў міжведамственнай перапіскі. Кіраўніца групы дарадцаў прэзідэнта – Аста Скайсгірыце-Ляўшкіене, прапаноўвала:

«У выпадку з угнаеннямі мы спачатку атрымаем страты для нашага бізнесу, а потым расейцы пяроймуць беларускае прадпрыемства. Паспрабуем абараніць інтарэсы Літвы!»

Адміністрацыя прэзідэнта падкрэсліла, што канчатковаю пазіцыяй Літвы аднак было падтрыманне сектаральных санкцыяў з калійнымі ўгнаеннямі ў спісе.

Юлія Цяльпук, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама