Беларусь захоўвае месца ва Усходнім партнёрстве

Шосты саміт краінаў Усходняга партнёрства мае распачацца ў Бруселі 15 снежня. Месца Беларусі на гэтым міжнародным форуме застанецца пустым, але беларускія дэмакратычныя сілы актуалізуюць праблемы нашай краіны для Еўропы.

«Для нас важна было зазначыць, што Беларусь захоўвае сваё месца ва Усходнім партнёрстве, нягледзячы на тое што рэжым заявіў аб прыпыненні ўдзелу Беларусі ў гэтай ініцыятыве. Для нас вельмі важна разумець, што гэтая ініцыятыва дае нам патэнцыял для развіцця адносінаў, а таксама для рыхтавання Беларусі да рэформаў пасля таго, як у краіне пройдуць вольныя выбары», – кажа кіраўнік кабінету Святланы Ціханоўскай Валер Кавалеўскі.

Напярэдадні пры рыхтаванні да саміту краінаў Усходняга партнёрства ў штаб-кватэрах Рады Еўразвязу і Еўракамісіі ў Бруселі прадстаўнікі дэмакратычных сілаў Беларусі сустрэліся з міністрамі краінаў Еўразвязу пад старшынствам Жузэпа Бурэля.

«Была размова пра тое, што ўпершыню фактычна дэмакратычныя сілы, прадстаўнікі Каардынацыйнай рады, Святлана Ціханоўская, Народнае антыкрызіснае ўпраўленне, грамадзянскія ініцыятывы прадставілі свой пункт гледжання на тую сітуацыю, якая ў Беларусі, і тыя шляхі, як трэба яе вырашаць. Важна, што быў пачуты голас грамадзянскіх ініцыятываў высокімі прадстаўнікамі Еўразвязу», – лічыць кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

Абмеркавалі падчас гэтай сустрэчы агульную стратэгію падтрымання Еўразвязам грамадзянскай супольнасці, медыяў і пацярпелых ад рэпрэсіяў беларускага рэжыму.

«Ёсць супольнае разуменне, адзіная пазіцыя што да сітуацыі ў Беларусі, гатоўнасць не толькі падтрымліваць, але і аказваць значны ціск на рэжым Лукашэнкі, каб дамагчыся спынення рэпрэсіяў у Беларусі, каб вызваліць палітзняволеных і прывесці крану да перамоваў, якія дазволяць правесці вольныя выбары», – адзначае Валер Кавалеўскі.

Усходняе партнёрства паспрыяла дэмакратычным зменам і паўплывала на рост эканамічнай вагі ў рэгіёне для краінаў – удзельніц з былога СССР. Выключэнне Беларусі з Усходняга партнёрства пазбавіла б нашую краіну рэсурсаў для развіцця, якія яна атрымлівала праз гэтую еўрапейскую структуру, падкрэслівае палітолаг Андрэй Ягораў.

«Само Усходняе партнёрства скіраванае на ўзмацненне незалежнасці краінаў, іх эканамічную ўстойлівасць, падвышэнне кааперацыі з Еўразвязам, яно спрыяе агульнаму развіццю», – лічыць Андрэй Ягораў.

Да сустрэчы прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў з міністрамі краінаў Еўразвязу Святлана Ціханоўская правяла шэраг іншых сустрэчаў, між іншага перамовы з кіраўніцай Еўракамісіі Урзуляй фон дэр Ляен. Еўразвяз вылучае дадатковыя 30 мільёнаў еўраў на дапамогу беларускай моладзі, дзеячам культуры, а таксама медыям і прадпрыемствам у выгнанні.

Тэма Беларусі гучала і на іншых прадстаўнічых сустрэчах. Прэм’ер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі і канцлер Нямеччыны Оляф Шольц абмеркавалі ўзмацненне санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі.

«Гэта нешта жахлівае, што робіць Лукашэнка. Ён выкарыстоўвае людзей, іхны лёс у сваіх палітычных мэтах. Гэта важна для Еўразвязу, і ўсе краіны мусяць адрэагаваць санкцыямі», – кажа канцлер Нямеччыны Оляф Шольц.

Міністры замежных справаў краінаў «Вялікай сямёркі» ў Лівэрпуле прынялі камюніке, у якім заклікалі ўлады Беларусі тэрмінова змяніць палітычны курс, выказаўшы занепакоенасць парушэннямі правоў чалавека і міграцыйным крызісам на мяжы з Еўразвязам.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама