Ці пакараюць забойцаў Рамана Бандарэнкі?


Плошча Пераменаў. Гэтак назвалі менскі двор, дзе з’явілася знакамітая выява дыджэяў. Навакольныя жыхары пратэстуюць супраць ґвалту і фальсіфікацыі выбараў, вывешваюць нацыянальную сімволіку, запрашаюць артыстаў. Атмасфера часам амаль святочная. Але неўзабаве здарыцца трагедыя…

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Невядомыя асобы ладзяць рэйды па пратэставых дварах і знішчаюць бел-чырвона-белую сімволіку. Апублікаваныя пазней запісы тэлефонных размоваў сведчаць: гэтым займаюцца сілавікі ды нават публічныя асобы з блізкага атачэння Лукашэнкі.

Адзінаццатага лістапада здараецца чарговы налёт на плошчу Пераменаў. Мясцовы жыхар Раман Бандарэнка вырашае спусціцца ўніз, каб паспрабаваць размаўляць з невядомымі. Апошнімі словамі, што ён напісаў у дваравым чаце, былі: «Я выходжу!»

Невядомыя збіваюць Рамана Бандарэнку і звозяць у невядомым кірунку. Хуткая дапамога ў непрытомным стане забірае яго з РУУСу Цэнтральнага раёну з цяжкімі траўмамі галавы. Аперацыя не дапамагае: Раман Бандарэнка памірае, так і не ачуўшыся. Смерць Рамана Бандарэнкі стае шокам для беларускага грамадства. Трагедыя набывае такі розгалас, што ўлады вымушаныя рэагаваць.

Крымінальная справа, аднак, глухне. Сілавыя ведамствы, што так эфектыўна выяўляюць і затрымліваюць пратэстоўцаў, забойцаў Бандарэнкі знайсці не могуць – нягледзячы на наяўнасць відэа і шматлікіх сведак. Сваё расследаванне правядзе «Байпол» і вызначыць кола падазраваных.

«Мы выявілі ўсіх, хто браў у гэтым удзел. У першую чаргу, гэта працаўнікі СОБРу, спецназу ўнутраных войскаў, якія якраз і забілі Бандарэнку. Таксама мы выявілі людзей з атачэння Лукашэнкі, што бралі ўдзел у цкаванні беларусаў у гэтым двары, дзе Бандарэнка выйшаў», – кажа прадстаўнік «Байполу» Аляксандр Азараў.

Улады спрабуюць хлусіць, што Раман Бандарэнка пацярпеў у пʼянай бойцы. Аднак незалежныя медыі публікуюць дакументацыю, атрыманую ад медыкаў: у крыві Бандарэнкі быў нуль праміле алкаголю. Гэтага рэжым не даруе: доктар Арцём Сарокін і журналістка «TUT.BY» Кацярына Барысевіч трапляюць пад суд. Нібыта за выдаванне медычнай таямніцы.

«Я ўжо неаднаразова агучвала, што справа высмактаная з пальца, і што Каця рабіла сваю справу: яна правярала інфармацыю, што на той час ужо была ў інтэрнэце», – каментавала працэс галоўная рэдактарка «TUT.BY» Марына Золатава.

Кацярына Барысевіч атрымлівае паўгода калоніі. Арцём Сарокін – 2 гады з адным годам адтэрмінавання. Плюс вялікія штрафы. Сілавікі затрымоўваюць і журналістак «Белсату», якія вядуць стрым падчас разгону акцыі памяці Рамана Бандарэнкі. Кацярыну Андрэеву і Дарʼю Чульцову вінавацяць у кіраванні пратэстамі ды асуджаюць на два гады калоніі. Потым Кацярыне даюць яшчэ восем гадоў – нібыта за здраду дзяржаве.

Дарʼя адбывае тэрмін і зʼязджае з Беларусі. Пакідае краіну і стрыечная сястра Бандарэнкі – Вольга. У інтэрвʼю «Белсату» яна распавядае, што неабыякавыя беларусы не забываюць пра трагічную смерць Рамана.

«Я дагэтуль атрымліваю велічэзную колькасць паведамленняў, што людзі памятаюць, што яны не забудуць, што яны вераць у справядлівасці, і што рана ці позна ўсе вінаватыя будуць пакараныя», – кажа Вольга Кучарэнка, стрыечная сястра Рамана Бандарэнкі.

Спадзяецца на справядлівасць і Аляксандр Азараў. Калі ў Беларусі ўсталюецца дэмакратычная ўлада, усе саўдзельнікі забойства Рамана Бандарэнкі мусяць трапіць пад следства. На думку Азарава, будучыя фігуранты справы могуць спрабаваць уцячы ў Расею. Але не факт, што гэта дапаможа пазбегчы адказнасці.

«Пасля паразы ў вайне з Украінай зменіцца ўлада, і Пуціна ўжо не будзе. І тады Расея будзе хацець размаўляць з Захадам, са Злучанымі Штатамі. Памяняецца палітыка, і такія людзі будуць нам перададзеныя назад», – мяркуе Аляксандр Азараў.

Да таго моманту ўсе матэрыялы расследавання будуць захоўвацца ў прадстаўнікоў «Байполу». У тым ліку, звесткі аб месцазнаходжанні мабільных тэлефонаў падазраваных у момант забойства, а таксама запісы тэлефонных размоваў. У будучыні яны маюць паслужыць доказнаю базай у справе Рамана Бандарэнкі.

Валянцін Васіленка, «Белсат»