Свята ў Херсоне


У Херсон вярнулася ўлада: кіраўнікі абласной вайсковай адміністрацыі, нацыянальная паліцыя і служба бяспекі Украіны. А тым часам у Беларусь чарговы раз, як і напярэдадні, прыляталі расейскія транспартныя летакі ІЛ-76, якія пазней вярнуліся ў Расею. Што прывезлі самалёты – невядома…

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

А раніцай шматтысячнае шэсце прайшло ў Херсоне! Украінцы святкуюць вызваленне абласнога цэнтру. Гулянні з песнямі і слязамі радасці не спыняліся тут усю ноч і працягнуліся сёння. У Херсон вяртаецца жыццё і ўкраінскі бізнес. Учора херсонцы сустракалі фуры ўкраінскай сеткі «АТБ». Святкаваць вызваленне роднага гораду выйшлі і перасяленцы з Херсону ў Адэсе.

Падчас адступлення расейскіх войскаў з Херсону былі разбураныя сем мастоў, у тым ліку на Кахоўскай ГЭС. Прапагандысцкія зэт-каналы апублікавалі кадры таго, як яны разбуралі інфраструктуру.

Пасля вяртання Херсону пад кантроль Украіны акупанты перанеслі так званую сталіцу акупаванай вобласці ў Гэнічэск. Паражэнне Масквы на полі бою пракаментаваў міністр абароны Вялікай Брытаніі Бэн Ўоліс:

«У лютым Расея не здолела ўзяць ні адной са сваіх асноўных мэтаў, акрамя Херсону. Цяпер, калі ён таксама здадзены, звычайныя жыхары Расеі павінны спытаць сябе: навошта ўсё гэта было трэба?»

У інфармацыйнай прасторы ўсё часцей чуваць размовы пра магчымыя перамовы паміж Украінай і Расеяй. Вядома, што днямі прэзідэнт Турцыі Рэджэп Эрдаган мае паасобку правесці тэлефонныя размовы з Кіевам і Крамлём. У сваю чаргу міністр замежных справаў Украіны Дмытро Кулэба адказаў на пытанне журналістаў, ці магчымая ягоная сустрэча з Сяргеем Лаўровым:

«Калі казаць пра міністра замежных справаў Расеі Лаўрова, то ён не прасіў сустрэчы, як гэта звычайна бывае ў дыпламатыі. Калі ён гэта зробіць, мы ўважліва разгледзім ягоны запыт, улічваючы ўсе аспекты і рэчаіснасць на месцах».

На наступным тыдні ў Інданезіі сустрэнуцца кіраўнікі дзяржаваў «Вялікай дваццаткі». Вядома, што Уладзіміра Пуціна сярод іх не будзе. Рэпрэзентаваць Расею будзе якраз Сяргей Лаўроў. Выданне «Ґардыян» піша, што сусветныя лідары ​​адмовяцца ад традыцыйнага гэтак званага сямейнага фота пра​​з прысутнасць міністра замежных справаў Расеі. Таксама там чакаюць онлайн-выступленне Уладзіміра Зяленскага. У сваю чаргу камандаванне паветраных сілаў Украіны чакае менавіта ў гэтыя дні масаванага ракетнага ўдару. Пра гэта заявіў спікер ведамства Юрый Ігнат.

Сёння ж па ўсёй Украіне гучала паветраная трывога. Прычына – узлёт з двух беларускіх аэрадромаў расейскіх знішчальнікаў МіГ-31 з гіпергукавою зброяй на борце.

Тым часам, лукашэнкаўцы абураюцца, што Украіна ўмацоўвае сваю мяжу і мініруе дарогі на сваёй тэрыторыі. Дарадца міністра ўнутраных справаў Украіны Антон Герашчанка ў тэлеграм-канале напісаў, што для ягонай краіны меркаванне беларускіх памежнікаў абыякавае:

«Афіцыйны Менск – такі ж бок канфлікту і будзе несці адказнасць па выніках вайны. А разам з рэжымам Пуціна падзе і рэжым Лукашэнкі».

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»