У Вільні адкрыўся стартап-хаб «Імагуру», закрыты беларускімі ўладамі


«Мы салідарныя з дэмакратычнай Беларуссю». Як будзе працаваць стартап-хаб «Імагуру», які цяпер адкрыўся ў Вільні.

За 7 гадоў дзейнасці ў Беларусі «Імагуру» дапамог стварыць больш за трыста стартапаў, некаторыя вядомыя на міжнароднай арэне. Акрамя гэтага, «Імагуру» прыцягнуў у беларускі бізнес больш за 100 мільёнаў долараў інвестыцыяў. Аднак сёлета бізнес-клуб быў зачынены рэжымам. І вось сёння стартап-пляцоўка афіцыйна адкрываецца ў Вільні. Падзеі з нагоды афіцыйнага адкрыцця будуць праходзіць да 15 кастрычніка. У Вільні такая пляцоўка першая, і асабліва актуальная яна для беларусаў.

«Мне асабіста будзе цікава наведваць адукацыйныя мерапрыемствы і не проста пасіўна. Другое: гэты жывы нэтўоркінг, і ніякі онлайн яго не заменіць», – дзеліцца наведнік Аляксандр Чахоўскі.

Дзейнасць «Імагуру» ў Беларусі была нацэленая на тое, каб навучаць, развіваць, падтрымліваць ментарамі беларускія стартапы – у першую чаргу IT. У Вільні праца будзе ісці такім жа чынам, але акцэнту толькі на ІТ-сферы ўжо не будзе.

«Гэта хаб, які будзе накіраваны на тое, каб скантактаваць паміж сабой ІТ-спецыялістаў, грамадзянскіх актывістаў, праваабаронцаў, людзей, якія працуюць для Беларусі, каб паміж імі быў давер, былі праекты. Для мяне гэта важная пляцоўка, гэта эксклюзіўная пляцоўка», – кажа Вольга Кавалькова, сябра Каардынацыйнай рады.

Дзейнасць «Імагуру» накіраваная на беларускі бізнес: і той, што выехаў, і той, што застаўся. Паводле вераснёўскага даследавання «Імагуру», з краіны выехалі 58 % стартапаў, вялікая частка яшчэ засталася, і ім патрэбнае падтрыманне.

«Менавіта таму мы пастанавілі зрабіць хаб салідарнасці, які салідарны перш за ўсё з дэмакратычнай Беларуссю, мы будзем думаць, як дыяспара можа ім дапамагаць, якія праекты можна рабіць і маштабаваць іх на беларускае грамадства», – дзеліцца планамі сузаснавальніца «Імагуру» Таццяна Марыніч.

50 на 50: так ацэньвае Таццяна Марыніч размеркаванне сілаў «Імагуру». Палова – для тых, хто застаецца ў Беларусі, з выкарыстаннем тэхналогіяў, якія дазваляюць праводзіць імпрэзы, адукацыйныя курсы онлайн, даваць ментарскую дапамогу. І палова – для тых, хто выехаў.

«Шмат каму з тых, хто з’ехаў, патрэбнае падтрыманне. І не толькі ў Літву, у розныя краіны свету пераехала велізарная колькасць беларусаў», – кажа Таццяна Марыніч.

На сёння штаб-кватэра «Імагуру» месціцца ў Мадрыдзе, а новыя пляцоўкі, акрамя Вільні, плануюць адкрыць яшчэ ў Кіеве і Варшаве.

Алена Дубовік, Белсат