Прышчэпачны турызм


Новы трэнд: беларусы цяпер за мяжу не толькі адпачыць выязджаюць, але і… прышчапіцца. У асартыменце – вакцыны, якія прызнаюцца ў Еўропе, але адсутнічаюць у нашай краіне. У якую капейку ўляціць «прышчэпачны тур» і як у яго трапіць, высветліла Вера Несцяровіч.

Адправіцца на Львоўшчыну, на радзіму Дракулы ў Румынію або ў камандзіроўку ў Літву ці Польшчу, а заадно і прышчапіцца – беларускія тураператары распрацоўваюць «прышчэпачныя туры».

«Попыт у людзей дастаткова высокі. То бок гатоўнасць прышчэплівацца, акрамя «Спутніку», іншымі вакцынамі досыць высокая», – адзначае дырэктар адной з турыстычных фірмаў.

Попыт узнік праз тое, што даступныя ў Беларусі расейская і кітайская вакцыны, паводле ахвотных прышчапіцца за мяжой, з’яўляюцца менш эфектыўнымі, а таксама не прызнаюцца ў Еўразвязе. Адна з турфірмаў ужо адпраўляе па вакцыну за мяжу, што праўда, пакуль толькі сваіх карпаратыўных кліентаў.

«Мы адпраўляем нашых кліентаў праз Маскву. Самалётам: Менск – Масква, Масква – Варшава. Падставы для авія непатрэбныя. Мы падганяем тур, каб цягам 24 гадзінаў вярнуцца на тэрыторыю Беларусі. Таму што такое патрабаванне, што толькі цягам 24 гадзінаў, каб не быць на ізаляцыі», – тлумачыць працаўніца адной з турфірмаў.

Прышчэпка, якая прызнаецца на Захадзе, абыдзецца ў кругленькую суму: кошт туру ў Бухарэст – € 290 плюс Br 90. Тур у Львоў – € 85 плюс Br 50. Прышчапіцца ў Варшаве – € 350 плюс авіябілеты і гатэль.

«Вартая аўчынка вырабу, бо калі мы пачынаем лічыць грошы, ёсць паняцце кошту, а ёсць паняцце каштоўнасці. І калі мы вызначаем паездку для вакцынацыі коштам € 300–400, то атрымліваецца тады пытанне каштоўнасці жыцця», – адзначае вядучы імунолаг з Украіны Фёдар Лапій.

Тураператары раяць рабіць вакцыну вытворчасці «Johnson & Johnson», б яна аднакампанентная: праз некалькі хвілінаў пасля першай і адзінай дозы можна атрымаць прышчэпачны сертыфікат.

«Джонсан і Джонсан» у гэтым плане мае перавагу, але калі параўноўваць звесткі паводле эфектыўнасці, усё ж такі дзвюхфазавыя схемы вакцынацыі дэманструюць больш высокую эфектыўнасць», – раіць імунолаг Фёдар Лапій.

Ва ўмовах закрытага неба і абмежаванняў на сухапутнай мяжы падарожжы па прышчэпку, можа, хоць неяк разварушаць турыстычны бізнес у Беларусі – спадзяюцца адмыслоўцы.

«Каронавірус, пандэмія фактычна спынілі нармальнае функцыянаванне турыстычнай індустрыі ўва ўсім свеце: разарваныя кантракты, назбіраліся абʼёмы ўзаемных запазычанасцяў.

Турызм у прынцыпе цяпер у дэпрэсіўным стане. І ўязны, і выязны», – дзеліцца дырэктар адной з турфірмаў.

Падарожнічаць па Еўропе вы зможаце з сертыфікатам прышчэпкі, якую ўхвалілі ў Еўразвязе: «Moderna», «AstraZeneca», «Pfizer» і «Johnson & Johnson». Пры гэтым з моманту ўвядзення апошняй дозы вакцыны павінна прайсці не менш за 14 дзён.

Вера Несцяровіч, «Белсат».