Крымінальная падпіска?


Не толькі за распаўсюд інфармацыі, але і за падпіску на тэлеграм-каналы ўлады хочуць караць. ГУБАЗіК у сваім тэлеграм-канале паведаміў, што пачынае працу для прызнання экстрэмісцкімі фармаваннямі незарэгістраваных групаў грамадзянаў, якія ажыццяўляюць экстрэмісцкую дзейнасць між іншага ў мэсэнджарах і сацсетках.

«Гэта азначае, што ПАДПІСЧЫКІ экстрэмісцкіх тэлеграм-каналаў і чатаў будуць прыцягвацца да крымінальнай адказнасці паводле артыкулу 361-1 Крымінальнага кодэксу (да СЯМІ ГАДОЎ ПАЗБАЎЛЕННЯ ВОЛІ), як удзельнікі экстрэмісцкага фармавання», – гаворыцца ў паведамленні ГУБАЗіК.

Пакуль жа тэлеграм-каналы і чаты яшчэ не прызнаныя «экстрэмісцкімі фармаваннямі» і іх не датычыць артыкул крымінальнага кодэксу на які спасылаецца ГУБАЗіК. Паводле цяперашняга заканадаўства караць могуць толькі за рэпосты і лайкі. Пакараннем можа быць штраф, адміністратыўны арышт ці канфіскацыя тэхнікі.

Палітолаг Павел Усаў тлумачыць дзеянні ГУБАЗіК прэвентыўным запалохваннем.

«Стварэнне атмасферы страху, каб прымусіць людзей ужо цяпер адпісвацца і выдаляць тэлеграм-каналы ці іншыя інфармацыйныя сеткі з тэлефонаў, і фактычна гэта адзін з механізмаў псіхалагічнага запалохвання людзей», – кажа Павел Усаў.

ГУБАЗіК папярэджвае, што падпіска на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы цягне за сабою крымінальную адказнасць, і спасылаецца пры гэтым на яшчэ не апублікаваную пастанову Савету Міністраў № 575. Таму дакладна прааналізаваць заяву немагчыма, кажа юрыст Андрэй Мачалаў.

«Экстрэмісцкае крымінальнае злачынства – гэта ацэначная катэгорыя: ці была ў чалавека, што ўдзельнічаў у тэлеграм-канале, мэта здзяйсняць злачынства. Таму я думаю, што тут будзе такое трохі нацягванне», – кажа Андрэй Мачалаў.

Палітолаг Павел Усаў лічыць цалкам магчымым увядзенне крымінальнай адказнасці за падпіску на тэлеграм-каналы, падкрэсліваючы, што ўлада ўжо зрабіла крокі ў гэтым кірунку, калі штрафавала і карала людзей за здымкі са сцягамі ці прыватнае ліставанне.

«Улада развіваецца ў кірунку інфармацыйнай ізаляцыі, стварэння сістэмы, пры якой сацыяльныя сеткі перастануць быць інструментам збірання, захоўвання і перадачы інфармацыі, а таксама інструментам для мабілізацыі і каардынацыі дзейнасці грамадзянаў у выпадку стварэння новага ўнутранага палітычнага крызісу», – кажа Павел Усаў.

Існуе шмат спосабаў, каб пазбегчы крымінальнай справы і не застацца без інфармацыі. Адмыслоўцы раяць выконваць правілы інфармацыйнай гігіены: прыбраць у наладах бяспекі сапраўдныя звесткі пра сябе, карыстацца VPN і ананімайзэрамі.

«Можна рабіць цалкам зашыфраваныя гаджэты і камп’ютар і адмаўляцца прадастаўляць такога кшталту інфармацыю. Звычайна на гэтым ставіцца кропка, бо зашыфраваныя гаджэты, айфоны ці кампʼютар, дзе ёсць зашыфраваны цвёрды дыск… занадта складаная расшыфроўка ўсяго гэтага, і фактычна яна невырашальная», – кажа медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі.

На сёння ў Беларусі «экстрэмісцкімі» прызнаныя больш за дзве сотні тэлеграм-каналаў і чатаў, і амаль штодня гэты спіс пашыраецца. Калі падпіска на іх стане злачынствам, караць трэба будзе сотні тысяч грамадзянаў.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»