Чарговыя смерці ў няволі


Сёння Вітольду Ашурку мог споўніцца 51 год. Аднак жыццё бярозаўскага актывіста абарвалася ў траўні ў Шклоўскай калоніі. Сваякі дагэтуль не могуць атрымаць афіцыйнага адказу аб прычыне смерці Вітольда.

Свой пяцідзясяты дзень народзінаў Вітольд Ашурак летась сустракаў за кратамі. Да сённяшняга дня ён не дажыў якіх 5 месяцаў.

«Вітольд заслужыў, каб гэты дзень памяці быў нават на нацыянальным узроўні. Бо ён сапраўдны герой Беларусі, сапраўдны чалавек, які змагаўся за Беларусь, жыў дзеля Беларусі і, на жаль, загінуў дзеля Беларусі», – кажа сяброўка Вітольду Вольга Быкоўская.

У студзені Вітольда Ашурка асудзілі на 5 гадоў калоніі. А 21 траўня ён раптоўна памёр у шклоўскай калоніі № 17. Сваякам праз тэлефон паведамілі: спынілася сэрца. Аднак на целе памерлага яны пабачылі сляды пабояў і дагэтуль патрабуюць афіцыйнага адказу – што здарылася з Вітольдам?

«Гэта быў мой родны брат, я патрабую: прадстаўце мне інфармацыю, што там адбылося, якім чынам у майго роднага брата спынілася сэрца, якое ніколі не балела? Чаму на відэа, паказаным Следчым камітэтам, яго стан і паводзіны неадэкватныя. Што вы там з ім рабілі?» – пытаецца брат Андрэй Ашурак.

Без матрацаў, у антысанітарыі, з ковідам і без адпаведнай медычнай дапамогі. Вязні працягваюць распавядаць пра катаванні на Акрэсціна. Журналістка «Нашай Нівы» Кацярына Карпіцкая паведаміла пра смерць сукамерніцы Алены Амелінай:

«Сукамерніца Алена, самая энергічная і бойкая з нас, памерла ад кароны. На Акрэсціна мы ўсе на яе хварэлі. Алене за адзін дзень стала вельмі блага, яна амаль трупам ляжала пад нарамі, мы прымушалі яе хоць нешта з’есці. Лячылася ўсё гэта парацэтамолам і, калі зусім чалавеку блага, антыбіётыкамі. З ЦІП Алена адправілася на ШВЛ і так і не выкарабкалася».

У верасні ад ковіду, падхопленага на Акрэсціна, памёр мужчына, прозвішча якога сваякі прасілі не называць. У снежні ад каронавіруса памёр асуджаны на 10 содняў Сяргей Шчацінка. Магчыма, такіх смерцяў нашмат болей. Вязні Акрэсціна паміралі не толькі праз хваробы. Летась 3 кастрычніка ў больніцы памер 41-гадовы Дзяніс Кузняцоў. У шпіталь ён трапіў з ізалятару ў непрытомным стане са шматлікімі траўмамі.

«Зваліўся з другога паверху ложка», – патлумачыў Следчы камітэт.«Адсутнасць незалежнай абароны, адсутнасць незалежнай адвакатуры, а тым больш незалежнага і кампетэнтнага суда падвойвае і патройвае нашыя асцярогі пра тое, што там творыцца бязмежжа», – упэўнены праваабаронца Гары Паганяйла.

Аляксандр Тарайкоўскі, Раман Бандарэнка, Генадзь Шутаў, Аляксандр Віхор. Паводле падлікаў «Белсату», колькасць загінулых удзельнікаў пратэстаў набліжаецца да двух дзясяткаў. Аднак па факце іхных смерцяў Следчы камітэт не пачаў ніводнай крымінальнай справы.

Адмовіліся следчыя адкрываць і справу ў выпадку з кіроўцам аўтобуса Паўлам Сібілёвым. Летась 10 жніўня ён заканчваў працоўную змену, калі ля станцыі метро «Пушкінская» ў яго трапіла граната. Здаровы раней мужчына стаў інвалідам. А ў мінулую нядзелю Павел памёр – крыху не дажыўшы да 50-годдзя. У яго засталося трое дзяцей.

Ігар Станкевіч, «Белсат»