Чарговая крымінальная справа


Беларускія сілавікі працягваюць штампаваць крымінальныя справы як супраць звычайных актывістаў, гэтак і супраць палітычных лідараў. У Следчым камітэце заявілі, што адкрылі чарговую крымінальную справу супраць Святланы Ціханоўскай і Паўла Латушкі. Што стаіць за новымі абвінавачваннямі на адрас дэмакратычных лідараў?

Следчы камітэт завёў яшчэ адну крымінальную справу супраць Святланы Ціханоўскай і Паўла Латушкі. Лідараў беларускага дэмакратычнага руху абвінавачваюць у «самавольным прысваенні звання ці ўлады службовай асобы».

«Абвінавачаныя Ціханоўская і Латушка ў згодзе з іншымі ўдзельнікамі змовы парушылі патрабаванні Канстытуцыі Беларусі і стварылі псеўдаорганы дзяржаўнай улады, упраўленняў і прадстаўніцтваў Рэспублікі Беларусь за мяжой. І, працягваючы свае злачынныя дзеянні, увайшлі ў перамовы з прадстаўнікамі замежных дзяржаваў і міжнародных арганізацыяў», – гаворыцца ў паведамленні афіцыйнага прадстаўніка СК.

Гэтак улады адрэагавалі на шырокае прадстаўніцтва штабоў Ціханоўскай і Латушкі за мяжою і так званыя народныя амбасады Беларусі.«Гэта, зразумела, прызнанне рэальнай эфектыўнасці дзейнасці дэмакратычных сілаў: офісу Святланы Ціханоўскай і Народнага антыкрызіснага ўпраўлення. Гэта прызнанне ў Беларусі. І якраз не следчыя будуць вырашаць гэтае прызнанне, гэта вызначае беларускі народ. Ён свой выбар зрабіў. А Следчы камітэт мусіць рашэнне беларусаў выконваць. І тыя, хто зараз фабрыкуе гэтыя справы, будуць адказваць перад законам», – кажа Павел Латушка.

У офісе Святланы Ціханоўскай запэўніваюць, што нават чарговая крымінальная справа не спыніць міжнароднай працы каманды.

«Не паўплывае на нашую рашучасць. І мы даб’емся таго, што Лукашэнка і ягоныя памагатыя панясуць адказнасць. Не перад лукашэнкаўскім судом, а перад сапраўдным трыбуналам, створаным на базе Міжнароднага крымінальнага суда ці суда ААН», – распавядае дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка.

І пакуль дэмакратычныя лідары наладжваюць міжнародныя сувязі і праводзяць сустрэчы на найвышэйшым узроўні, замежнапалітычнае ведамства Уладзіміра Макея генеруе адзін за адным дыпламатычныя скандалы. Гэтак, улады выступілі з абвінавачваннем на адрас прадстаўніцтва Арганізацыі Абʼяднаных Нацыяў у Беларусі за тое, што ААН нібыта фінансавала пратэстоўцаў праз Офіс правоў людзей з інваліднасцю.

Акрамя таго, стала вядома, што беларускі МЗС запрапанаваў амбасадару Францыі ў нашай краіне Нікаля дэ Лякосту пакінуць Беларусь. У Менск таксама вярнулі амбасадара ў Парыжы Ігара Фясенку. Як сцвярджаюць у Народным антыкрызісным упраўленні, прычынаю такога кроку стала прынцыповае нежаданне французскага амбасадара ўручаць «даверчую грамату» Аляксандру Лукашэнку.

«Макей сёння не грае ніякай ролі, бо ніводзін міністр замежных справаў не дазволіў бы сабе канфлікту з ААН, калі ён лічыць мэтазгодным развіваць адносіны з міжнароднаю супольнасцю, з міжнароднымі партнёрамі. Значыць, ён на сёння ёсць штучным інструментам у руках КДБ і дыктатара», – кажа Павел Латушка.

Цяперашняя крымінальная справа далёка ня першая заведзеная беларускімі ўладамі супраць Святланы Ціханоўскай і Паўла Латушкі. Гэтак, Ціханоўскую ўлады вінавацяць у рыхтаванні і арганізацыі масавых беспарадкаў ды спробе захопу адміністратыўных будынкаў, стварэнні экстрэмісцкага фармавання, змове з мэтай захапіць дзяржаўную ўладу і нават у замаху на тэракт. Ня менш за 5 крымінальных справаў распачатыя і супраць Паўла Латушкі.

Алесь Баразенка,«Белсат»